7 ліпеня 2022 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася літаратурная выстава, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала - мастака з сусветным імем, які нарадзіўся ў Віцебску.
Марк Шагал (1887–1985) – адзін з самых вядомых авангардных мастакоў ХХ-га стагоддзя, рускі і французскі мастак яўрэйскага паходжання. За сваё доўгае і плённае жыццё стварыў тысячы карцін; займаўся таксама сцэнаграфіяй, графікай, керамікай, скульптурай; ствараў вітражы і мазаікі, распісваў тэатральныя і царкоўныя купалы, пісаў вершы і прозу. Шагал застаецца адным з самых вядомых і прадаваных мастакоў, яго карціны запатрабаваны як у прыхільнікаў мастацтва, так і ў выкрадальнікаў.
Працы Марка Шагала знаходзяцца ў Нацыянальным музеі Марка Шагала ў Ніцы і Цэнтры Пампіду ў Парыжы, Траццякоўскай галерэі ў Маскве і Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу, Метрапалітэн-музеі ў Нью-Йорку, у музеях Ізраіля, у многіх карцінных галерэях свету. Прычым Шагал атрымаў сусветнае прызнанне, не маючы дыплома аб мастацкай адукацыі. Талент будучага майстра раскрыў і заклаў яго асновы мастак Юдэль Пэн у сваёй школе ў Віцебску. Любімыя жонка Бэла і родны горад сталі галоўнымі натхняльнікамі геніяльнай творчасці Шагала.
«Пада мной Парыж! Мой другі Віцебск!» - пісаў у сваёй кнізе «Маё жыццё» Марк Шагал. З'ехаўшы ў 1920 годзе назаўжды з Віцебска, ён памятаў пра яго, любіў, маляваў амаль на ўсіх карцінах, сумаваў і ў адным з апошніх інтэрв'ю прызнаўся: "Мая радзіма - заўсёды на маіх карцінах". Карціны М. Шагала "Над горадам", "Над Віцебскам", "Прагулка", "Скрыпач", "Сіні дом" і іншыя праславілі Віцебск на ўвесь свет.
І Віцебск, вытрымаўшы працяглую паўзу, адказаў падзякай - у 1992 годзе ў горадзе адкрыўся Дом-музей Марка Шагала, затым Арт-цэнтр Марка Шагала, устаноўлены два помнікі, названа вуліца, праходзяць канферэнцыі і пленэры. Але ніводнай карціны Шагала ў арыгінале ў Віцебску няма.
На літаратурнай выставе ў Цэнтры беларускай культуры (вул. Алеяс, 68) прадстаўлены кнігі пра жыццё і творчасць Марка Шагала з бібліятэкі ЦБК. Выстава адкрыта да 22 ліпеня.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры