9 ліпеня 2022 года ў Дагдзе прайшоў VII Міжнародны фестываль беларускай песні і танца "ФЭСТ", у якім па добрай традыцыі прынялі ўдзел творчы калектыў Цэнтра беларускай культуры і дэлегацыя Беларускага культурна-асветніцкага таварыства "Уздым".
У гарадку Дагда Краслаўскага краю, размешчаным недалёка ад мяжы, на традыцыйны ліпеньскі фестываль сабраліся аматарскія ансамблі беларускай дыяспары гарадоў Рэзэкнэ, Екабпілса, Елгавы, Даўгаўпілса, Лудзы, Вентспілса, Ліван, а таксама госці з Польшчы і мясцовыя творчыя калектывы. Святочнай калонай удзельнікі VII Міжнароднага фестывалю беларускай песні і танца "ФЭСТ" прайшлі на эстраду ў прыродным парку Дагды.
З моманту заснавання фестывалю ў Дагдзе ў ім нязменна ўдзельнічаюць прадстаўнікі Цэнтра беларускай культуры і таварыства "Уздым" з Даўгаўпілса. На гэты раз выступала харавая капэла "Спадчына" (кіраўнік Сяргей Братусеў), якая выканала песню "Спадчына" на словы класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, музыку да якой напісаў заслужаны кампазітар Ігар Лучанок. Гэтая песня стала візітнай карткай ансамбля, яе духоўным гімнам, а ў год 140-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы гучыць асабліва сімвалічна. Другой песняй прагучала запальная народная "Санейка ды месяц" пра каханне.
Добрае надвор'е, цудоўны канцэрт, сустрэча з землякамі, абмен вопытам зарадзілі самадзейных артыстаў пазітыўнай энергіяй і новымі творчымі ідэямі. А напамінкам аб гэтым будуць сувеніры і дыплом удзельніка VII Міжнароднага фестывалю беларускай песні і танца "ФЭСТ".
Цэнтр беларускай культуры ў супрацоўніцтве з Беларускім культурна-асветніцкім таварыствам "Уздым" выказвае словы шчырай падзякі Даўгаўпілскай гарадской думе за фінансавую падтрымку праектнай заяўкі на паездку ў Дагду на фестываль.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры