У суботу, 4 чэрвеня 2022 года, дэлегацыя Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання і Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” пабывала ў Рэзэкненскім Доме культуры нацыянальных таварыстваў на 15-годдзі Рэзэкненскага беларускага таварыства “Сузор'е” і 10-годдзі аднайменнага вакальнага ансамбля.
Даўнія сяброўскія і партнёрскія адносіны звязваюць Цэнтр беларускай культуры з рэзэкненскімі беларусамі. Тры месяцы таму ў рамках праекта таварыства “Сузор'е” тут прымалі вялікую маладзёжную групу з Рэзэкнэ, знаёмілі з культурай і традыцыямі беларусаў Даўгаўпілса.
І вось зараз у адказ з візітам у Рэзэкнэ адправіўся танцавальны ансамбль “Лянок” і прадстаўнікі праўлення “Уздыма”. А нагода для паездкі была юбілейная – 15 гадоў заснавання таварыства і 10 гадоў ансамбля.
Ужо ў фае гарадскога Дома культуры нацыянальных таварыстваў адчувалася атмасфера свята: уражвала разнастайнасцю выстава прыгожа вышытых беларускіх ручнікоў, рэкламныя стэнды таварыства, мноства буклетаў і друкаваных выданняў.
Юбілейны канцэрт, у якім прынялі ўдзел афіцыйныя асобы самакіравання горада Рэзэкнэ, мастацкія калектывы і беларускія таварыствы Латгаліі, прайшоў у вельмі душэўнай і сяброўскай атмасферы. Свой непаўторны і яркі акцэнт у віншавальную скарбонку ўнёс танцавальны ансамбль “Лянок”. Першы блок іх выступлення быў прысвечаны сакральнай спадчыне – вытканым і вышытым ручнікам і дыванам; ну, а другі раз танцоры “завялі” усіх гледачоў забіяцкай полькай ды “Падыспанню”.
Заключным акордам стала выкананне такой знаёмай і папулярнай, кранаючай за душу кожнага беларускай песні “Купалінка”, якая аб'яднала ўсіх артыстаў і гледачоў.
Цэнтр беларускай культуры выказвае шчырую падзяку нязменнаму кіраўніку таварыства Людміле Стэц і кіраўніку Рэзэкненскага дома культуры нацыянальных таварыстваў Святлане Семяняка за плённае супрацоўніцтва, за магчымасць зноў сустрэцца з сябрамі і партнёрамі, дакрануцца да ўнікальнай беларускай культуры і адчуць багацце беларускай душы.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры