16 красавіка 2022 года ў Даўгаўпілсе гасцявала вялікая група з Ліепаі. Пазнавальную паездку ў Латгалію арганізавала Ліепайская беларуская суполка “Мара”. У рамках насычанай праграмы ліепайчане зазірнулі ў госці да партнёраў у Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК).
Беларусаў Даўгаўпілса і Ліепаі аб'ядноўвае не адзін год супрацоўніцтва. У гэтых гарадах ёсць свае Беларускія дамы. Як яны добраўпарадкаваны, як арганізавана дзейнасць, якія брэндавыя мерапрыемствы ствараюць пазітыўны імідж дыяспары? Гэтыя і многія іншыя пытанні абмяркоўвалі актывісты на сустрэчы ў Даўгаўпілсе. Напрыклад, майстрыхі абмяняліся лялькамі-абярэгамі, якія рэгулярна робяць з мясцовымі школьнікамі на майстар-класах. У Даўгаўпілсе яны з ваўняных нітак і нацыянальнай тасьмы, у Ліепаі – з мешкавіны і шпагату. Або кулінарная кніга “Кірмашоўскія прысмакі”, выдадзеная ЦБК, падарыла ліепайчанам ідэю для свята беларускай вясковай кухні. У сваю чаргу, “Мара” рэалізуе маштабны адукацыйны праект, і іх вопыт цікавы для ЦБК. А ільняныя ручнікі з відамі гарадоў Беларусі выкарыстоўваюцца ў дызайне абодвух цэнтраў.
Як адзначыў старшыня Ліепайскай беларускай абшчыны “Мара” Віктар Янцэвіч, такія “круглыя сталы” нараджаюць цікавыя ідэі, даюць новыя імпульсы для далейшай плённай дзейнасці дыяспары.
Бліжэйшае сумеснае мерапрыемства намечана на 19-20 мая. У Даўгаўпілсе будзе праходзіць тыдзень беларускай культуры, і ў яе межах у Ліепаю адправіцца перасовачная фотавыстава “Беларускі позірк Даўгаўпілса” Эдуарда Літвіноўскага. Так што новая сустрэча адбудзецца ўжо ў горадзе пад ліпамі, дзе нараджаецца вецер!
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры