5 красавіка 2022 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыўся творчы вечар паэта Паўла Плотнікава, на якім быў прадстаўлены новы зборнік вершаў “І сны, і ява”. Паэтычная праца душы і сэрца пакарыла сваёй шматаблічнасцю і шматграннасцю.
Павел Плотнікаў – ураджэнец невялікай беларускай вёсачкі Апідамы Пастаўскага раёна, што знаходзіцца недалёка ад літоўскай мяжы, адсюль і паэтычны псеўданім – Павел Апідамскі. Закончыў школу ў Літве, потым вучыўся ў Латвійскай сельскагаспадарчай акадэміі. Беларусь, Латвія і Літва аднолькава любімыя і пакінулі незабыўны след у жыцці паэта. Гэтай любоўю прасякнута ўся паэзія П. Плотнікава, якой ён захапіўся ўжо ў школьныя пасляваенныя гады, але толькі ў 1990-я гады сур'ёзна заняўся паэтычнай творчасцю.
Павел Плотнікаў – член Саюза пісьменнікаў Расіі, член Рускай пісьменніцкай арганізацыі “Русло”, член Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў, лаўрэат паэтычнага фестывалю Латгаліі “Рэзэкнэ-2011”, дыпламант конкурсу “Паэт года-2015”, ганаровы грамадзянін г. Віляны, аўтар сямі паэтычных зборнікаў. Яго вершы публікуюцца ў перыядычных выданнях Даўгаўпілса і Рэзэкнэ, Масквы і Санкт-Пецярбурга, на папулярнай паэтычнай інтэрнэт-пляцоўцы “Вершы.ру”.
Павел Васільевіч – часты і жаданы госць у Беларускім доме. Падчас свайго выступлення ён неаднаразова падкрэсліваў, што адчувае асаблівыя цёплыя пачуцці да беларусаў. Менавіта таму ў ЦБК неаднаразова праходзілі яго творчыя вечарыны і прэзентацыі новых кніг.
Валодаючы не толькі паэтычным талентам, але і багаццем душэўных якасцяў, глыбокай інтэлігентнасцю, высокім інтэлектам, сціпласцю, невычэрпным пазітывам і аптымізмам, П. Плотнікаў нязменна збірае вакол сябе шмат сяброў.
З выхадам у свет новай кнігі аўтара цёпла павіншавалі консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава, кіраўніца культурных праектаў Цэнтра рускай культуры Галіна Іванова, Праўленне беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, членам якога даўно з'яўляецца Павел Васільевіч. Шматлікія сябры па паэтычным пяры таксама сардэчна павіншавалі свайго калегу з выхадам зборніка, адзначыўшы пры гэтым не толькі талент, але і яго выдатныя чалавечыя якасці.
На працягу вечара прагучала шмат вершаў як у выкананні аўтара, так і шматлікіх гасцей. Харавая капэла “Спадчына” падарыла “віноўніку” вечарыны некалькі лірычных беларускіх народных песень і з натхненнем прачытала ўрыўкі аднаго з раздзелаў кнігі “Жыццё – вянок санетаў”. Дарэчы, гэты напрамак П. Плотнікаў запазычыў і ўзяў за аснову, пабываўшы ў снежні мінулага года ў ЦБК на творчым вечары, прысвечаным 130-годдзю класіка беларускай літаратуры, паэта Максіма Багдановіча. “Вучыцца ніколі не позна! І чытаць, чытаць, чытаць!” - так пракаментаваў Павел Васільевіч новыя рыскі ў сваёй творчасці.
Музычны акцэнт, вельмі праніклівы і лірычны, на вершы Паўла Плотнікава, прыўнесла аўтар музыкі і выканаўца, бард Алена Віткевіч. Кульмінацыяй творчага вечара стала выкананне шлягера “Есть только миг”, які дружна падхапіла і праспявала ўся зала разам на чале з П. Плотнікавым.
Прагучаўшыя музычныя творы і вершы з новага зборніка настроілі слухачоў на сяброўскі філасофскі лад. Абмеркаванні, разважанні і абмен думкамі яшчэ працягваліся доўга і, несумненна, знойдуць свой працяг на наступных творчых вечарах.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры