“Retro” – так называецца персанальная выстава прафесійнага фатографа Айвара Сіліньша, якая адкрылася 29 студзеня 2022 года ў Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у Даўгаўпілсе. На чорна-белых фотаздымках – пейзажы Латвіі, Беларусі і Расіі, зробленыя шмат гадоў таму падчас паездак. Глядач зможа ацаніць прыгажосць прыроды і старажытную тэхналогію вырабу здымкаў на фотапаперы хімічным спосабам.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/511-razgledzets-pejzazhy-retraspektyve-ajvara-silinsha#sigProId716371fbe7
“Прырода і прыгажосць, любоў і талент, душэўнасць і гармонія – усё гэта аб'ядноўвае здымкі ў адно цэлае”, - адзначыла кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, адкрываючы фотавыставу. Шмат гадоў таму гэтыя фотаздымкі ўжо выстаўляліся ў старым офісе ЦБК, а зараз экспазіцыю дапоўніла апаратура ў стылі вінтаж.
Айвар Сіліньш нарадзіўся ў Даўгаўпілсе ў 1940 годзе. Сям'я патрапіла ў спісы першай дэпартацыі. Чуллівая суседка паспела папярэдзіць маці з двума маленькімі сынамі, і яны не пайшлі дадому, а бацьку вывезлі. Дзесьці ў горадзе Ігарка, за палярным кругам, у зоне вечнай мерзлаты, ён і спачывае. Айвар Робертавіч потым спрабаваў шукаць магілу бацькі, але беспаспяхова. Падчас вайны бацькоўскі дом разбамбілі, сям'я мыкалася па розных кутах. Як лічыць А. Сіліньш, факт пра бацьку ў анкеце зачыніў перад ім дзверы прафесійных навучальных устаноў. Ён пачаў рана працаваць – спачатку рознарабочым на будоўлі. Займаўся веласпортам і дасягнуў узроўню майстра спорту. Калі з'явілася мэта купіць легкавы аўтамабіль, па маладзёжнай пуцёўцы адправіўся працаваць у Тальяці і прыгнаў адтуль “Жыгулі”, другую машыну ў горадзе, чым вельмі ганарыўся.
Менавіта тады ў Тальяці, у пачатку 1970-х гадоў, А. Сіліньш узяў у рукі фотаапарат “Зеніт” і пачаў здымаць не толькі сяброў, але і пейзажы. Веліч мясцовай прыроднай прыгажосці зарадзіла ў душы юнака мастацкае бачанне, якое пасля перарасло ў захапленне фотаздымкай і дало штуршок да прафесійнага занятку фатаграфіяй –
А. Сіліньш працаваў фатографам у атэлье. Магчыма, “мастацкая жылка” праз гены таксама перадалася ад мамы, якая прыгожа малявала, не маючы спецыяльнай адукацыі.
На чорна-белых здымках прадстаўлены бярозавыя гаі, дубовыя і ліпавыя алеі, вялікія рэкі і маленькія рачулкі, абшар палёў і зачаравальныя зімовыя пейзажы Латвіі, Беларусі, Расіі. Фотаапарат “Зеніт” і ўся апаратура для праяўлення і друкавання фатаграфій да гэтага часу беражліва захоўваецца на гарышчы. І ёсць мара абсталяваць там музейны “куток рарытэтаў”. А пакуль усе гэтыя рэчы будуць прадстаўлены на экспазіцыі ў ЦБК як лагічны дадатак да фотавыставы.
Сціплы і інтэлігентны, расказваючы пра сябе і выставу, Айвар Робертавіч быў кароткі і нешматслоўны. Па прызнанні аўтара, на выставе прадстаўлены самыя лепшыя кадры, прысвечаныя любімай Латвіі і каханай жанчыне – жонцы Зінаідзе Сіліні. Дзякуючы ёй ён пазнаёміўся з беларускай культурай, уступіў у беларускае таварыства “Уздым”, і гэтая латышска-беларуская сям'я гарманічна ў сваіх жыццёвых мэтах і захапленнях, пра што і расказала на свяце З. Сіліня.
Фотавыстава Айвара Сіліньша “Рэтра” будзе даступная наведвальнікам ЦБК
(вул. Алеяс, 68-1А) да 27 сакавіка 2022 года па працоўных днях, з 9.00-17.00, па “зялёным рэжыме”.
Гэтае мерапрыемства падобна ўключаным ідэям заяўкі Даўгаўпілса на тытул Еўрапейскай культурнай сталіцы 2027 года. #daugavpils2027 #kopīgavaloda #даўгаўпілс2027 #агульнаямова #LinguaFranca2027 #ECoC2027
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры