У чацвер, 23 верасня 2021 года, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у рамках ХІ Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” адкрылася персанальная выстава карцін “Галаграма Лета” прафесійнай даўгаўпілскай мастачкі Аліны Петкун.
Штогод напярэдадні фестывалю “Беларускі кірмаш” у ЦБК адкрываецца новая выстава карцін. У гэты раз прадстаўлена персанальная выстава вядомай мясцовай мастачкі Аліны Петкун.
А. Петкун нарадзілася і вырасла ў Даўгаўпілсе. Творчую натуру атрымала ў спадчыну ад бацькі – жыццярадаснага гарманіста з Браслаўшчыны, якая славіцца прыгожымі краявідамі і духоўна багатымі людзьмі. Ад маці перадалася любоў да малявання, ад бацькі – да фатаграфавання, ад бабулі – да вязання. Аліна ўсё жыццё прысвяціла мастацтву, з'яўляецца спецыялістам і самародкам у сваёй справе.
Прафесійную адукацыю па двух спецыяльнасцях: дызайнера навакольнага асяроддзя і тэкстыльшчыка, атрымала ў Даўгаўпілскім мастацкім каледжы “Saules skola”.
У Даўгаўпілскім універсітэце атрымала ступень бакалаўра па дызайне, а пазней набыла яшчэ дзве ступені магістра ў галіне мастацтва: магістра графікі і магістра педагагічных навук. На дадатковых курсах у Расіі і Украіне ўдасканаліла навыкі дызайнера па трыкатажы і прафесійнага стыліста.
А. Петкун выкладае мастацтва ў Балтыйскай міжнароднай акадэміі і ў Краслаўскай дзіцячай мастацкай школе. А яшчэ ёсць любімае хобі – літаратура; Аліна піша вершы і прозу, друкуецца ў мясцовых і расійскіх выданнях. З 1999 года ўваходзіць у склад Асацыяцыі мастакоў Даўгаўпілскага краю, з 2020 года – у Асацыяцыі пісьменнікаў і паэтаў свайго рэгіёну. На рахунку прафесійнай мастачкі некалькі дзясяткаў персанальных выстаў, удзел у сотні групавых выстаў, а таксама ў шматлікіх міжнародных пленэрах.
Фестывальныя сувеніры, афішы, прыгожы букет і цёплыя вітальныя словы ў адрас аўтара выставы ад кіраўніцы ЦБК Жанны Раманоўскай з натхненнем былі сустрэтыя і мастачкай, і гасцямі, якія прыйшлі на адкрыццё выставы.
Аліна захоплена распавядала пра сябе, аб сваіх беларуска-польскіх каранях, шматлікіх захапленнях і аб серыі выстаўленых карцін, якія былі створаны падчас пяці мастацкіх пленэраў цяперашняга лета, якія праходзілі ў розных кутках Латвіі. На выставе прадстаўлена больш за 30 карцін, выкананых эклектычна. Аўтар любіць змешваць стылі, напрамкі і тэхнікі, па-майстэрску карыстаючыся набытымі мастацкімі навыкамі: спалучаць іх, іграць з імі, карыстаючыся неабмежаванай свабодай выбару – у плане рознабаковых творчых працэсаў. Эклектыка зыходзіць з самага сэрца мастачкі і яе твораў.
Безуважным ніхто не застаўся: паэтка Лілія Воранава прачытала свой верш, салістка і кіраўніца вакальнага ансамбля “Пралескі” праспявала беларускую народную песню “Ружа-кветка” у сучаснай апрацоўцы, а госці выставы дарылі мастачцы кветкі, усмешкі, станоўчыя эмоцыі і яшчэ доўга абмяркоўвалі карціны і дзяліліся сваімі ўражаннямі.
Выстава “Галаграма Лета” будзе адкрыта да 30 лістапада 2021 года (з 9.00 да 17.00 у будныя дні) па адрасе: г. Даўгаўпілс, вул. Алеяс, 68 (уваход са двара).
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК