У панядзелак, 20 верасня 2021 года, XI Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” адкрываецца дабрачыннай акцыяй “З сардэчнай цеплынёй”. Старт дадуць вячоркі, падчас якіх удзельнікі будуць займацца рукадзеллем і вырабляць падарункі медыкам, якія працуюць ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі ў аддзяленні Даўгаўпілскай рэгіянальнай бальніцы, дзе лечаць covid-пацыентаў.
Традыцыйна ў праграму фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” уваходзіць дабрачыннае мерапрыемства. І калі ў папярэднія гады гэта былі канцэрты ў дзіцячым доме або пансіянаце, то ў гэты раз добрая справа будзе адрасавана медыцынскім работнікам, якія ратуюць жыццё і лечаць захварэўшых каронавіруснай інфекцыяй.
Сярод беларускіх арнаментаў ёсць знак абярэга ад хвароб і злых духаў. Менавіта гэты знак і будуць вышываць ці вывязвать майстрыхі на першых вячорках. Хтосьці будзе вязаць шкарпэткі ці рукавіцы, іншыя – вышываць сурвэткі.
На вячорках eдзельнікі азнаёмяцца з сімволікай у беларускай культуры, далучацца да дэкаратыўна-прыкладной творчасці, ад чыстага сэрца выкажуць падзяку медыкам.
Калі рукадзельныя працы “З сардэчнай цеплынёй” будуць завершаны, падарункі з беларускім арнаментам-абярэгам будуць перададзеныя ў кавід-аддзяленне Даўгаўпілскай рэгіянальнай бальніцы.
Вячоркі будуць праходзіць усю восень па панядзелках у Цэнтры беларускай культуры (ЦБК), па “жоўтым” сцэнарыі. Пачатак – у 14:00.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры