З 19 па 23 снежня на платформе ZOOM прайшлі сустрэчы, прысвечаныя традыцыйнаму святу – Калядам, у якіх прымалі ўдзел культурныя цэнтры і грамадскія арганізацыі Латвіі. У сустрэчах прынялі ўдзел супрацоўнікі Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК), якія пазнаёмілі ўдзельнікаў мерапрыемства з убраннем дома на Каляды і традыцыйнымі песнямі беларусаў.
Снежань – час чакання і пара выканання жаданняў, бо менавіта ў гэтым месяцы каталікі адзначаюць Каляды. Гэтае свята напоўнена чараўніцтвам, сямейнай утульнасцю, рознымі абрадамі і традыцыямі. Таварыства “Рэзэкненскі гарадскі тэатр “Йорык”, Дом культуры нацыянальных таварыстваў, нацыянальна-культурныя таварыствы Латгальскага рэгіёну і мастацкія калектывы аб'ядналіся для таго, каб на працягу трох дзён распавесці адзін аднаму і гасцям пра традыцыі святкавання Каляд, убранне дома, нацыянальных і традыцыйных стравах, а таксама аб калядных песнях.
19 снежня адбылася першая віртуальная сустрэча, на якой гаворка ішла аб упрыгожванні хаты на Каляды, а таксама абмяркоўваліся духоўныя каштоўнасці свята Божага Нараджэння, значэнне святочнага афармлення жылля і стала. Арганізатар культурных мерапрыемстваў ЦБК Ірына Апэйнанэ расказала пра тое, як у даўнія часы беларусы ўпрыгожвалі хату. Як вядома, чысты дом = упрыгожаны дом. У доме з'яўлялася хвоя, пад столь вешалі саламяных “павукоў” (аналаг латышскіх “пузурі”), доўгімі зімовымі вечарамі займаліся вырабам папяровых аплікацый (выцінанкі), каб упрыгожыць гэтымі ўзорамі вокны і мэблю.
Але Калядам заўсёды папярэднічае пост. У гэты час у беларусаў праходзілі Піліпаўскія вячоркі. Гэта перыяд, калі маладыя дзяўчаты збіраліся па чарзе адзін у аднаго ў хаце, спявалі, займаючыся прадзеннем і рукадзеллем: пралі воўну або лён, вязалі на спіцах вырабы для сваіх родных, вышывалі, плялі паясы і г.д.. І. Апэйнанэ паказала відэаматэрыял аб Піліпаўскіх вячорках, які можна знайсці на старонцы ЦБК у Youtube.
У сваю чаргу, 23 снежня, перад Каляднай куццёй, кіраўніца харавой капэлы “Спадчына” Яніна Юзэфовіч адкрыла вечар, прысвечаны калядным песням, сольна выканаўшы кампазіцыю “Святы вечар”.
Мерапрыемства адбылося пры фінансавай падтрымцы Міністэрства Культуры Латвійскай Рэспублікі і Цэнтра падтрымкі НДА Паўднёвай Латгаліі.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Ірына Апэйнанэ