Кожнае дзіця і дарослы вераць у цуд і чакаюць яго, асабліва напярэдадні Калядаў і Новага года. Для ўдзельнікаў дзіцячай студыі Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) “Скарбніца” прыемным сюрпрызам і поўнай нечаканасцю стала атрыманне пісьма ад Дзеда Мароза і Снягуркі з заданнем прайсці невялікі квэст.
Цэнтр беларускай культуры такім незвычайным спосабам вырашыў падзякаваць юных артыстаў за поспехі адыходзячага года і павіншаваць з надыходзячым. Улічваючы сітуацыю з выкананнем мер бяспекі ва ўмовах пандэміі, крэатыўнае квэст-віншаванне прайшло 18 снежня на вуліцы, побач са святочна ўпрыгожанай навагодняй аркай каля ЦБК.
Каб атрымаць запаветны падарунак, дзеткам трэба было выканаць даволі-такі няпростае заданне, прыйсці ў прызначанае месца ў пэўны час і сказаць “кодавае” слова. Дзеці аказаліся вельмі кемлівымі і мэтанакіраванымі, за што і атрымалі падарункі, а таксама з задавальненнем сфатаграфаваліся на памяць з беларускімі казачнымі Дзедам Марозам і Снягуркай.
Усмешкі на тварах, радасць у вачах і вясёлы настрой у юных артыстаў – гэта залог таго, што наступны год абавязкова будзе лепш, ярчэй і пазітыўней!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК