Нацыянальная бібліятэка Беларусі са сваіх фондаў перадала ў дар Даўгаўпілскаму Цэнтру беларускай культуры камплект новых кніг у рамках дабрачыннай акцыі “Пра Беларусь - беларусам замежжа”.
Кніжныя бандэролі атрыманы па пошце. Усе кнігі новыя, выдатнай паліграфіі, выдадзеныя ў Мінску. Камплект сфарміраваны з улікам інтарэсаў шырокага кола чытачоў. Ёсць папулярныя творы беларускіх літаратараў Я.Купалы, У.Караткевіча, В.Быкава. І.Мележа; дзіцячыя кнігі, энцыклапедычныя выданні, а таксама метадычная літаратура для вывучэння беларускай мовы.
Жанна Раманоўская, кіраўніца ЦБК: “Мы вельмі ўдзячныя Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі за падораныя кнігі. Бібліятэка ЦБК папоўнілася 20 новымі кнігамі сучаснага выдання. Такім чынам, у беларусаў замежжа, у студэнтаў і навукоўцаў Даўгаўпілса, якія вывучаюць беларускую культуру, дыяспару ў Латвіі, Рэспубліку Беларусь, з'явіўся доступ да большай колькасці кніжных крыніц і навінак”.
Бібліятэка Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры налічвае каля 2000 асобнікаў.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры