«Зимние кружева» – пад такой назвай у Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) 29 студзеня 2016 года адкрылася выстава карцін Асацыяцыі вольных мастакоў Латгаліі. Палюбавацца зімовымі краявідамі і каляднымі карцінамі можна да 1 сакавіка 2016 года. Сардэчна запрашаем!
Кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская адкрыла выставу радкамі верша Настассі Сазанковой, якія паэтка склала да гэтай знамянальнай падзеі: «Зимние узоры в Белорусском центре, Красота в дозоре – светлые акценты…»
Вакальны ансамбль сеньёраў «Спадчына» павіншаваў мастакоў са святам лірычнымі песнямі, тым самым адразу прыдаўшы вечару цеплы і душэўны настрой.
Віцэ-мэр Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Дукшынскі, які знайшоў час у сваім шчыльным працоўным графіку для наведвання выставы, адзначыў, што Цэнтр беларускай культуры адчынены для ўсіх творчых людзей, якіх, дарэчы, у Даўгаўпілсе вельмі шмат, і павіншаваў мастакоў з пачаткам творчага сезона. Не выключана, што наступным месцам экспазіцыі карцін Асацыяцыі будзе гарадская дума.
Кіраўніца Асацыяцыі вольных мастакоў Латгаліі, ініцыятар і ідэйны натхняльнік выставы Марыя Сафронава рассказала аб тым, што выстава «Зимние кружева» – вынік творчага сезона. На ёй прадстаўлены работы Яніса Даўкшта, Настассі Сазанковай, Вэлты Лоцэ, Валянціны Варатніковай, Ліліяны Чукстэ, Альфрэды Буліёнка, Ларысы Сяргеевай, Таццяны Рускуле і М.Сафронавай. Кожны з прадстаўленых мастакоў – яркая і шматгранная творчая асоба, якая валодае шматлікімі здольнасцямі і талентамі. Іх карціны аб’яднаны тэмай зімы і зімовых святаў.
Карціну з дзяўчынай каля размаляванага морозам акна, размешчаную ў цэнтры экспазіцыі, Вэлта Лоцэ напісала спецыяльна для выставы «Зимние кружева». Настасся Сазанкова таксама прымеркавала напісанне карціны «Зима» спецыяльна да гэтай выставы. А яшчэ адну карціну прысвяціла любімаму паэту Уладзіміру Высоцкаму, чый дзень нараджэння прыходзіцца на студзень.
Валянціна Варатнікова піша карціны, выкарыстоўваючы розную тэхніку, і вырабляе лялек, якіх ужо даволі шмат у яе калекцыі.
Вэлта Лоцэ – плённая мастачка, і на выставе прадстаўлена толькі малая частка яе карцін зімовай тэматыкі. А ў гэтым годзе Вэлта асвоіла новы напрамак – піша карціны па матывах палотнаў вядомых майстроў жывапісу.
Чаму менавіта ў ЦБК адкрылася гэта выстава? Таму што тут заўсёды рады гасцям і адчынены для іх идэй. Марыя Сафронава і Настасся Сазанкова з’яўляюцца членамі беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым», Вэлта Лоцэ спявае ў беларускім ансамблі «Спадчына». Побач з карцінамі вядомых у Даўгаўпілсе мастакоў знайшлося месца і дзіцячаму малюнку выхаванкі беларускай нядзельнай школы «Вясёлка» Ілоны. Яе «Калядки» намаляваны пад уражаннем свята ў школе і ў вёсцы ў бабулі на Каляды.
Яўгенія Гуляева – сузаснавальнік «Уздыма» і даўні сябар Асацыяцыі вольных мастакоў Латгаліі, у сваім выступленні падкрэсліла, што дадзеная выстава – значная падзея ў дзейнасці мастакоў, а таксама адзначыла, што ў Цэнтры беларускай культуры праводзіцца вельмі шмат рознапланавых мерапрыемстваў, таму што тут пануе шчырасць, душэўнасць, талерантнасць.
Паэт Павел Плотнікаў, уручаючы букет руж Марыі Сафронавай, заўважыў, што багатыя людзі не тыя, у каго шмат грошай, а тыя, хто дарыць людзям прыгажосць праз «перо и кисть». Так, дарэчы, называецца яго верш, які П.Плотнікаў і прачытаў на вечары. А паэтка Фаіна Осіна дадала, што ўсе людзі ў душы ў нейкай ступені паэты і мастакі, усе мараць аб выдатным.
Заключны музычны акорд паставілі Вэлта Лоцэ і Валерый Кацегаў, праспяваўшы дуэтам цудоўныя рамансы, тым самым унёсшы яшчэ адну непаўторную краску ў палітру незабыўнага вечара, які закончыўся словамі ўдзячнасці і ўручэннем кветак ад ЦБК і «Уздыма» усім удзельнікам выставы. Натхнення, плённасці і дабрабыту жадалі гледачы мастакам.
Марыя Сафронава падзякавала ЦБК і таварыству «Уздым» за аказаную гасціннасць і вельмі цёплы прыем, падарыўшы беларускай бібліятэцы кнігу „Daugavpils brīvu mākslinieki”, і выказала надзею на далейшае творчае супрацоўніцтва.