2 студзеня 2016 года даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры і культурна-асветніцкае таварыства «Уздым» падарылі маленькім і дарослым жыхарам і гасцям Даўгаўпілса казку. Дзеці весяліся разам з казачнымі героямі: кікімарамі, снегавіком, цыганкай і Бабай Ягой, а таксама з малпачкай- сімвалам наступаючага года.Маляняты з вялікім захапленнем удзельнічалі ў конкурсах, адгадвалі загадкі, гулялі ў беларускія народныя гульні і, вядома ж, з вялікай ахвотай паклікалі ў госці Дзеда Мароза са Снягуркай. Іх прывезлі алені, але ў дарозе Мароз страціў голас, а дзятва ў гульні дапамагала яму вярнуць голас.
Весела дзеці і іх бацькі, а таксама казачныя героі вадзілі карагоды, а ансамбль беларускай народнай песні «Купалінка» (кіраўнік В.Пятроў), вакальна-інструментальны ансамбль «Пралескі» (кіраўніца Н.Малышава) і танцавальны ансамбль «Лянок» (кіраўнік А.Захарнёў), тэатральная студыя «Паўлінка» (кіраўніца Г.Сантоцкая) выконвалі навагоднія і калядныя песні, вучылі танцаваць беларускія народныя танцы. Ну а тыя, хто ўжо стаміўся весяліцца, маглі прыняць удзел у майстар-класе па беларускай выцінанцы і зрабіць калядную паштоўку пад кіраўніцтвам памочніцы Дзеда Мароза – гноміка Ілоны.
У кожнага з дзетак была унікальная магчымасць пагаварыць з Дзедам Марозам і Снягуркай і атрымаць салодкі сувенір, праспяваўшы песенку або расказаўшы верш. Дзядуля Мароз быў вельмі здзіўлены, бо ён пачуў вершы і песні не толькі на рускай і латышскай мовах, але таксама на англійскай і беларускай. У канцы мерапрыемства дзеці ахвотна фатаграфаваліся з казачнымі героямі.