2 ліпеня 2015 года ў даўгаўпілскім Палацы Культуры адбыўся святочны канцэрт, прысвечаный тром падзеям: Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Купаллю і дню нараджэння культурна-прасветніцкага таварыства “Уздым”.
Гледачоў сустрэла беларуская народная музыка ў выкананні кіраўніка ансамбля “Квітнеючы май” Антаніны Сіваковай.
Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў павіншаваў усіх са святамі, падкрэсліў значную ролю Цэнтра беларускай культуры і таварыства “Уздым” ў распаўсюджванні беларускай культуры. Сяброў “Уздыма” з 22-годдзем арганізацыі павіншаваў старшыня “Уздыма” Валерый Амбросаў.
Пасля афіцыйнай часткі ўсе акунуліся ў беларускае народнае свята летнега сонцавароту – Купалле, аналагічны латышскаму Ліга. Канцэрт вялі Купалінка (кіраўнік Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская) і Купаліш (В.Амбросаў). Пад народную песню “Ой рана на Івана” ўсіх прысутнічых Іванаў, Янісаў, Янаў, Ян, Іванавічэй і Іванаўнаў надарылі вянкамі з кветак і траў – сімвалам сонца, багацця і здароўя.
А далей закружыўся карагод народных песень ансамбля “Купалінка” і танцаў ансамбля “Лянок”, купальскіх вершаў, прыкмет і абрадаў. Спявак Павел Прозар выканаў славутыя купальскія песні. Цётка Зельніца (кіраўнік тэатральнай студыі “Паўлінка” Галіна Сантоцкая) паведала аб кветках і травах, якія збіралі на Купалле і ўпляталі ў вянкі са звонкімі песнямі і танцамі. Ансамбль сеніораў “Спадчына” завёў залу гарэзнай песней “Зязюля”. Паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш пра Купалле. Вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” падарыў гледачам беларускую народную песню “Ружа кветка” і латышскую народную “Ці ж мая віна ў гэтым”.
Па традыцыі, святочны канцэрт скончыўся агульным выкананнем гімна-песні “Беларускі дом” (словы С.Валодзькі, музыка А.Рудзя), а вясёлую народную «Цячэ вада ў ярок» разам з артыстамі спявала ўжо ўся зала.
Як адзначыла кіраўнік ЦБК Жана Раманоўская, ў летнія месяцы ў арганізатараў заўжды ёсць рызыка, што не зберыцца зала. Аднак паспяховае «Беларускае Купалле» дае падставу для новых планаў – штогод зачыняць творчы сезон ЦБК вялікім беларускім канцэртам.