18 верасня 2025 года ў Цэнтры беларускай культуры Дома адзінства (ЦБК) прайшло беларускае абрадавае свята ўраджаю – Багач.
У беларускім абрадавым гадавым коле Багач, якому папярэднічаюць Каляды, Вялікдзень і Купалле, закрывае цыкл самых значных каляндарных святаў.
Багач – старажытны беларускі абрад, які адзначаюць у гонар заканчэння сельскагаспадарчых работ 21 верасня, у дзень восеньскага раўнадзенства. Такім спосабам продкі беларусаў дзякавалі Маці-прыродзе за сабраны ўраджай.
Свята сумяшчае ў сабе паганскія і хрысціянскія традыцыі. Галоўныя сімвалы свята – багач (лубок са збожжам і свечкай) і ўпрыгожаны сноп каласоў новага ўраджаю. Менавіта з гэтымі атрыбутамі да гаспадароў вечара зазірнулі госці. Як і даўней, яны ўсяляк усхвалялі працавітых гаспадароў, жадалі ім багацця і шчасця. Паводле павер'яў, свечка валодае ачышчальнай сілай, а сноп з каласамі забяспечвае ўраджай на наступны год і прыносіць у хату дастатак.
На свяце прынята было спяваць, танцаваць, іграць у гульні і весяліцца. Наведвальнікі ЦБК з задавальненнем падпявалі і падтанцоўвалі разам з ансамблем беларускай народнай песні “Купалінка”, танцавальным ансамблем “Лянок”, вакальным ансамблем “Пралескі” і дзіцячай студыяй “Скарбніца”.
Гледачы слухалі тэматычныя вершы паэта Станіслава Валодзькі і Анастасіі Сазанковай, азнаёміліся з гісторыяй свята, паўдзельнічалі ў народных гульнях, вырабілі паштоўку-выцінанку і паспыталі традыцыйныя пачастункі – хлеб з мёдам і духмянай гарбатай.
Наступнае і самае значнае свята, арганізаванае Цэнтрам беларускай культуры Дома Адзінства – ХV фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, пройдзе 11 кастрычніка 2025 года, у 15.00, на вялікай сцэне Палаца культуры.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/780-svetkos-bagacs-noveleja-partic-bu?print=1&tmpl=component#sigProIdd56c0141f5
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры
т.: +371 65424695, 29811969
эл. пошта: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.