13 красавіка 2022 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) працягнулася серыя даследчай акцыі “Артэфакты маёй сям'і” – на прыкладзе прадметаў хатняй працы і сельскагаспадарчай вытворчасці.
Гэта ўжо чацвёртае даследчае мерапрыемства, мэтай якога з'яўляецца вывучэнне этнічнай і нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў Даўгаўпілса. З іх асабістай калекцыі, а таксама з фондаў музея ЦБК “Беларуская хатка” спецыяльна да гэтай падзеі была адкрыта выстава, на якой прадстаўлена мноства аўтэнтычных прадметаў працы, хатняга ўжытку і вытворчасці.
Па традыцыі, старт мерапрыемству дала кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, адзначыўшы: “Прадметы працы і вытворчасці былі неад'емнай часткай кожнай сялянскай сям'і, неабходнай для яе выжывання. Нашыя продкі альбо рабілі іх сваімі рукамі, альбо зараблялі грошы і куплялі”. Першачарговае значэнне, вядома ж, адводзілася хлебу. Драўляная рыдлёўка і дзежка – з іх дапамогай у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці пяклі духмяны хлеб для ўсёй сям'і. У тыя часы сям'я лічылася заможнай, калі ў хаце была швейная машынка. Прадстаўленая бабуліна падольская швейная машынка да гэтага часу “на хаду”, знаходзіцца ў добрым рабочым стане.
З бацькоўскага дома многія прывезлі з сабой у Даўгаўпілс разнастайныя прадметы і прылады працы, няхай зношаныя і пашкоджаныя, але яны дапамагалі асвоіцца і выжыць на новым месцы. Галіна Сантоцкая (Гродзенская вобл.) умела спраўлялася з калаўротам – паказала, як даўней пралі пражу, з якой потым на кроснах ткалі дываны, ручнікі, абрусы, дарожкі і г.д.
Таксама з Гродзеншчыны Марыяй Памецька было прывезена матавіла, на якім захаваліся ніткі, больш за паўстагоддзя таму наматаныя працавітымі матулінымі рукамі. Захавалася і маміна металічная рабрыстая дошка для ручнога мыцця (пралька), і невялікая, счарнелая ад часу дзежачка, у якой бабуля захоўвала журавіны і брусніцы.
Продкі беларусаў жылі небагата. Каб выжыць, у вёсцы вельмі многа і цяжка працавалі. Да хлеба стараліся заўсёды мець мяса і малако, кожная сям'я гадавала кароў, свіней, свойскую птушку. Каса, граблі, кошыкі, каромысел, маслабойка, форма для продажу масла, шаткоўка для капусты і многае іншае, чым карысталіся ў побыце, было прадстаўлена на выставе.
Юрый Галоўка паказаў даваенныя драўляныя маміны лічыльнікі і паяльную лямпу, з дапамогай якой апрацоўвалі свіную тушу ва Ушацкім раёне. Два разы на год, на Каляды і Вялікдзень, прынята было нарыхтоўваць мяса на запас.
Галіна Кароль прывезла з Браслаўскага раёна татаў гэблік. Кучаравую стружку і непаўторны пах свежаструганага дрэва яна памятае да гэтага часу.
Віктар Грыбаў узгадаў 1940-я гады. У яго захавалася нажная швейная машынка “Зінгер” з г. Віцебска – у літаральным сэнсе карміцелька сям'і, з дапамогай якой удалося перажыць ліхалецце вайны. Мама была добрай швачкай. Мяняла шытыя рэчы на хлеб. Віктар Барысавіч да гэтага часу выразна памятае, як бясцэнныя маленькія кавалачкі хлеба для дзяцей былі смачнейшыя за шакалад.
Адмысловым краўцом быў і бацька Іны Валюшка. Пад швейнай машынкай “Зінгер” яна, можна сказаць, і вырасла. А цяжкі прас, які паказала аўдыторыі, быў неад'емным атрыбутам сям'і, які хавалі падчас вайны і бераглі потым як зрэнку вока.
Оду з гістарычным ухілам расказаў даўгаўпілскі краязнаўца, член гарадскога гістарычнага клуба, калекцыянер старажытных рарытэтаў Мікалай Паўловіч. Ён прадэманстраваў найбагацейшую калекцыю прасаў самых розных форм, памераў, вагі, краін паходжання. У камандзіровачным амерыканскім чамадане 1950-х гадоў ручка з провадам служыла міні-прасам. У ім, як у скрынцы фокусніка, знайшлося месца чыгунным, латуневым, медным і нават газавым прасам з Амерыкі, Індыі, Кітая, Швейцарыі. Прызначэнне было самае што ні на ёсць шырокае: ад прасавання простага лёну да вытанчаных карункаў, капелюшоў і спадніц-плісе. Не меншую цікавасць выклікалі шкатулка з карэльскай бярозы для паказу фокусаў, латуневае ўпрыгожванне для хамута, каменны малаток з крэмнія для масажу вымя каровы.
Наступны, заключны этап даследчай акцыі “Артэфакты маёй сям'і” пройдзе ў рамках Дзён беларускай культуры 23 мая 2022 года, у 17.00, і будзе прысвечаны сакральнай спадчыне. Далучайцеся!
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры