21 лютага 2022 года, у Міжнародны дзень роднай мовы, Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) у анлайн-рэжыме правёў III Міжнародную канферэнцыю “Беларускія чытанні: Постаці. Кнігі. Сувязі”, якая сабрала даследчыкаў, вучоных і знатакоў беларускай мовы і культуры з Латвіі, Беларусі, Чэхіі, Польшчы і Эстоніі.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/514-postatsi-knigi-suvyazi-stali-temaj-3-yaj-kanferentsyi-belaruskiya-chytanni?print=1&tmpl=component#sigProId4da3a6bdfd
Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, адкрываючы канферэнцыю, павіншавала ўсіх
дакладчыкаў і слухачоў з Міжнародным днём роднай мовы, да якой традыцыйна прымеркаваны “Беларускія чытанні” у Даўгаўпілсе. Навукоўцы і даследчыкі працягваюць шукаць кропкі судакранання ў культурнай прасторе Латвіі і Беларусі, адкрываюць новыя старонкі ў гісторыі беларускай дыяспары.
1-ы намеснік старшыні Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання Аляксей Васільеў у прывітальнай прамове адзначыў, што Даўгаўпілс з'яўляецца цудоўнай пляцоўкай для культурнага абмену і пажадаў ЦБК плённай работы ў справе захавання і папулярызацыі беларускай культуры як неад'емнай часткі культуры горада.
Консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава лічыць адметным той факт, што канферэнцыя праходзіць у дзень роднай мовы, якая служыць сувязным і аб'яднаўчым звяном паміж народамі і культурамі. Дзякуючы роднай мове завязваюцца новыя сувязі і працягваюцца традыцыі.
Вывучэнню розных напрамкаў сувязяў Латвіі і Беларусі прысвечана 12 дакладаў, якія раскрываюць тры падтэмы: постаці, кнігі, сувязі. У другі раз з-за пандэміі каранавіруснай інфекцыі чытанне і абмеркаванне праходзіла на пляцоўцы ZOOM. Гэты момант ніколькі не адбіўся на якасці прыпаднесенай інфармацыі; наадварот, кола новых сувязяў і тэм пашыраецца. У гэтым годзе ўпершыню ў канферэнцыі адзначыўся Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур (Мінск), Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка.
Іх выступленні, а таксама дакладчыкаў з Мінска, Віцебска, Даўгаўпілса ўжо з першых хвілін выклікалі непадробленую зацікаўленасць. Традыцыйна канферэнцыя адкрылася выступленнем кандыдата культуралогіі, намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся Сушы (Мінск).
Даследаванні агульнага і адметнага Латвіі і Беларусі ў многіх галінах: кніжнай культуры, адукацыі, рэлігіі, архітэктуры, гістарычных асоб, палітыкі, бізнесу, беларускай дыяспары, леглі ў аснову дакладаў, многія з якіх былі прадстаўлены ў выглядзе прэзентацый і відэаматэрыялаў.
Асаблівую цікавасць выклікалі даследаванні Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі “Адзін праект – тры храмы. Праваслаўныя цэрквы Гродна, Даўгаўпілса і Сувалак пачатку ХХ стагоддзя”; Даўгаўпілскага краязнаўчага і мастацкага музея “Беларусы ў палітычным жыцці Даўгаўпілса ў 1920-1930 гады”.
Слухачы канферэнцыі адкрылі для сябе шмат цікавых фактаў і штрыхоў у біяграфіі доктара медыцыны Карла Гібенталя; гісторыка, краязнаўцы і археолага Сапунова Аляксея Парфёнавіча; пісьменніка, перакладчыка, публіцыста Віктара Вальтара, “народжанага ў Дзвінску пад Сатурнам”; “бацьку сучаснага іўрыта” з мястэчка Лужкі – Эліэзэра Бэн-Ягуды; яўрэйскіх мастакоў Даўгаўпілса і Віцебска; пісьменнікаў Гомельшчыны: І. Шамякіна, І. Мележа, І. Навуменкі, А. Макаёнка.
Традыцыйна ў дзень канферэнцыі многія ўдзельнікі і госці пішуць дыктоўку на беларускай мове. Тэкст (а гэта быў урывак з рамана Якуба Коласа, 140-годдзе якога будзем адзначаць сёлета) падбірала і чытала завуч і выкладчыца беларускай мовы Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ. У анлайн-дыктоўцы разам з рыжанамі прынялі ўдзел беларусы Даўгаўпілса, Мінска (Беларусь), Нарвы і Таліна (Эстонія). Працы па пошце ўжо дасланыя ў Рыжскую беларускую школу, будзем чакаць вынікаў.
Адной з падтэм канферэнцыі пазначана “кніга”. І якраз незадоўга да свята роднай мовы, у снежні мінулага года, бібліятэка ЦБК атрымала каштоўны падарунак ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па праграме “Беларусы ў свеце” – больш за 30 унікальных кніжных выданняў. Аформленая кніжная выстава стала вельмі значнай рыскай у рамках міжнароднай канферэнцыі.
Родная мова, кнігі – наша бясцэннае багацце, захаванню якога і спрыяе канферэнцыя “Беларускія чытанні”. Многія ўдзельнікі сустрэчы адзначалі, што галоўнае, што сувязі і стасункі, няхай пакуль і анлайн, працягваюцца. А надзея на рэальныя сустрэчы і зносіны ёсць заўсёды.
Усе ўдзельнікі атрымаюць ва ўзнагароду сертыфікаты і зборнік, які будзе выдадзены па матэрыялах канферэнцыі.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры