Вокны даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) упрыгожыліся яркімі дзіцячымі паштоўкамі і зімовымі роспісамі па шкле, ствараючы святочны навагодні настрой.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/506-u-voknakh-belaruskaga-doma-zazikhatseli-svyatochnyya-agni?print=1&tmpl=component#sigProIdc08315603f
Да каталіцкіх Каляд у жыхароў і гасцей горада была магчымасць сустрэцца з беларускім Дзедам Марозам і яго ўнучкай Снягуркай. На гэтай сустрэчы можна было атрымаць салодкі пернік – ялінку, але не проста так, а за самаробную паштоўку з напісаным пажаданнем Даўгаўпілсу. Дзед Мароз атрымаў 84 паштоўкі, і цяпер гэтыя пажаданні ўпрыгожваюць вокны ЦБК з боку вуліцы Алеяс. Якія таленавітыя дзеці!
У сваю чаргу, валанцёры ЦБК – студэнткі Ілона і Настасся, распісалі вокны зімовымі сюжэтамі: дзесьці відаць казачныя домікі, у якіх кіпіць жыццё; цепліцца печ у вясковай хаце, а побач заснежаны лес; знайшлося месца і Снегавіку; а ялінкі і ледзяшы, выкананыя ў тэхніцы папяровай аплікацыі-выцінанкі, дадалі дызайну беларускага каларыту.
Упрыгожаныя вокны Цэнтра беларускай культуры, падсветленыя ілюмінацыяй, і раніцай, і вечарам ствараюць святочны настрой вулічным прахожым і наведвальнікам ЦБК.
З Новым годам, сябры!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Ірына Апейнанэ