Друкаваць

На “Беларускім кірмашы” прайшоў этнамайстар-клас для школьнікаў

       У аўторак, 21 верасня, у другі дзень XI Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) для школьнікаў быў праведзены этнамайстар-клас па вырабе лялькі-абярэга і паштоўкі-выцінанкі.

  • Click to enlarge image 01_Kirmas_lele_21092021.jpg
  • Click to enlarge image 02_Kirmas_lele_21092021.jpg
  • Click to enlarge image 03_Kirmas_lele_21092021.jpg
  • Click to enlarge image 04_Kirmas_lele_21092021.jpg
  • Click to enlarge image 05_Kirmas_lele_21092021.jpg
  •  
View the embedded image gallery online at:
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/485-na-belaruskim-kirmashy-prajsho-etnamajstar-klas-dlya-shkolnika?print=1&tmpl=component#sigProId4928af9fc8

           У рамках “кірмашовага” тыдня праходзілі шматлікія мерапрыемствы, накіраваныя на розныя мэтавыя аўдыторыі. Традыцыйнымі сталі адукацыйна-гульнявыя заняткі для навучэнцаў даўгаўпілскіх школ, на якіх знаёмяць удзельнікаў з разнастайнасцю і багаццем звычаяў і традыцый беларускай культуры.

         Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская правяла майстар-клас “Лялька-абярэг” з групай дзяўчынак (як вынікае з даўніх традыцый, хлопчыкі і мужчыны не мелі права рабіць абярэжную ляльку), пазнаёміла вучаніц з гісторыяй беларускай нацыянальнай лялькі, з багатай выставачнай калекцыяй беларускіх лялек, з традыцыямі вырабу абярэгу. Спрадвеку лялькі суправаджалі чалавека на працягу ўсяго яго жыцця: сустракалі нованароджанага ў калысцы, дапамагалі ў цяжкія часы, прымалі на сябе хваробы, засцерагалі ад злых сіл. Выраблялі лялек, як было прынята ў даўніну – без нажніц, выкарыстоўваючы шматкі тканіны і ніткі.

          Пакуль дзяўчынкі захоплена майстравалі для сябе ляльку-абярэг, хлопчыкі ў гэты час з метадыстам ЦБК Марыяй Памецька знаёміліся з музейнай экспазіцыяй “Беларуская хатка”. Жывую і непадробленую цікавасць трэцякласнікаў выклікалі аўтэнтычныя прадметы працы і побыту сельскіх жыхароў мінулага стагоддзя. Усё можна было не толькі памацаць рукамі, патрымаць, але нават паспрабаваць папрацаваць імі.

         Потым групы памяняліся месцамі: для хлопчыкаў быў праведзены майстар-клас па вырабе паштоўкі-выцінанкі – аднаго з шырока распаўсюджаных у Беларусі відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выразаныя з паперы аплікацыі на восеньскую тэматыку ўпрыгожылі паштоўку-выцінанку.

         Дзеці пакідалі гасцінны Беларускі дом радасныя і ўражаныя, забіраючы з сабой не толькі вырабленыя ўласнымі рукамі асабістую ляльку-абярэг і маляўнічую паштоўку-выцінанку, але таксама смачны фестывальны сувенір-пернік і невялікі запас беларускіх слоў, засвоеных у гульнявой форме падчас заняткаў.

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры,

метадыст ЦБК Марыя Памецька