У рамках юбілейнага, Х Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) стварыў кароткаметражны фільм “Фестывальны кірмашок”, асновай якога паслужыла прэзентацыя багатага ўраджаю і нарыхтовак беларускіх гаспадынь, плеценых вырабаў умелых майстрых, выраб лялек-абярэгаў.
На ўсіх папярэдніх фестывалях гледачы заўсёды атрымлівалі папярэдні зарад пазітыву і добрага настрою задоўга да пачатку Гала-канцэрта, калі збіраліся вакол прэзентацыйных сталоў з разнастайнымі відамі рамесных вырабаў, дарункаў восені, беларускай паштоўкай-аплікацыяй (выцінанкай), глінянымі свістулькі і лялькамі-абярэгамі. Кожны мог знайсці сабе занятак па душы на гэтай выставе-кірмашы.
Але ва ўмовах каронавірусных абмежаванняў “фестывальны кірмашок” адбыўся ў відэафармаце, віртуальна наведаць які сардэчна запрасіла кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская.
Беларусы заўсёды славіліся сваёй гасціннасцю і хлебасольнасцю. Галіна Сантоцкая прадставіла гледачам любімую беларусамі бульбу, цыбулю, капусту з буракамі, гарбузы ды моркву, яблычкі, саленні ды варэнні, і многае іншае, нарыхтаванае працавітымі гаспадынькамі.
А яшчэ беларускія жанчыны здаўна займаліся вырабам лялек-абярэгаў, якія суправаджалі чалавека на працягу ўсяго жыцця. З цікавай гісторыяй беларускай лялькі, традыцыямі іх вырабу і іх важнай роляй у жыцці беларусаў пазнаёміла Марыя Памецька. Вырабляць лялек трэба абавязкова з добрым настроем і радасцю, што і прадэманстравала Дагнія Літвіноўская.
Асобны стол быў застаўлены разнастайнымі плеценымі вырабамі, у якім цэнтральнае месца было адведзена традыцыйнаму беларускай кошыку. Ад майстрыхі Надзеі Свірковіч гледачы даведаліся шмат цікавага аб старажытным рамястве пляцення, якое вучыць цярпенню, акуратнасці і руплівасці.
Багата накрытыя сталы ўпрыгожылі фірменныя сувеніры і фестывальныя цукеркі, свежаспечанае беларускае пячэнне “хрусты”. Паглядзець усю разнастайнасць вырабаў і паспрабаваць на смак нарыхтоўкі і выпечку запрасіла Ірына Апэйнанэ.
Міні-кірмаш, хай і ў іншым фармаце, адбыўся. Паглядзець яго можна на сайце ЦБК, а таксама на Facebook, YouTube.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК