20 лістапада ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася персанальная выстава прафесійнай мастачкі Надзеі Ізянёвай “Мазаіка прыроды”, на якой прадстаўлена каля 30 жывапісных карцін. Адкрыццё прайшло з захаваннем усіх нормаў бяспекі ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі ў сувязі з каронавірусам.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/434-kartsiny-nadzei-izyanjovaj-sklalisya-garmanichnuyu-mazaiku-pryrody?tmpl=component&print=1#sigProId7bb44d60b4
Надзея Ізянёва – свайго роду чалавек-касмапаліт, воляю сямейных абставінаў змяніла шмат месцаў жыхарства: Татарыя, Беларусь, Польшча, Германія, Манголія, Нідэрланды, Прымор'е, але ўжо шмат гадоў жыве ў бацькоўскай хаце ў пасёлку Смардэ Энгурскага края. Яе самая вялікая любоў – Беларусь і Латвія. Кожны год едзе на малую радзіму, у край блакітных азёр – Шаркаўшчыну, і без стомы пакідае на палатне яе выдатныя краявіды. Прыкладна палова работ на выставе – гэта прыгожыя куткі любімага Курзэмэ.
Н.Ізянёва скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута і ўжо ў студэнцкія гады пачала ўдзельнічаць у мастацкіх выставах. Карціны карыстаюцца вялікім попытам і “разляцеліся” па калекцыях розных краін і кантынентаў: Амерыкі, Англіі, Германіі, Італіі, Чэхіі, Нідэрландаў, Расіі, Беларусі, Латвіі. Член Аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”.
Надзея Уладзіміраўна ніколі не расстаецца з фарбамі, таму і жыць не сумна – з галавой акунаецца ў творчасць. Малюе абавязкова на палатне і толькі з натуры, пераважна ў жанры пейзажу, радзей партрэта. Неба, вада, навальніца, лес, кветкі – вось яе стыхія. Галоўнае – злавіць настрой, а галоўны дэвіз – каб падабалася людзям! Пэндзалем майстры водзіць душа, таму карціны такія светлыя, пазітыўныя, пранізліва душэўныя і сцішваючыя, і кожны знаходзіць у іх нешта блізкае і сугучнае сваёй душы.
“Адкрыццё выставы планавалася ў рамках Х-га, юбілейнага фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. І хоць пандэмія ўнесла карэктывы, сустрэчы з таленавітымі людзьмі не спыняюцца, проста праходзяць у іншым фармаце. Сённяшняе адкрыццё можна назваць выставай аднаго мастака”, – адзначыла кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская. А букет і фірмовыя сувеніры з “кірмаша” – удзячнасць за талент і майстэрства мастачкі, за сяброўскія адносіны і супрацоўніцтва.
І сапраўды, Н.Ізянёва прыехала ў Даўгаўпілс ужо ў каторы раз. Гэта яе другая персанальная выстава ў ЦБК. Тут яна адчувае сябе як дома, як быццам прычальвае да роднага берага, дзе яе чакаюць родныя і блізкія людзі з адкрытай беларускай душой. Менавіта таму з натхненнем падпявала беларускую песню “Бераг маёй вясны” разам з супрацоўнікамі ЦБК Галінай Сантоцкай, Марыяй Памецька і Янінай Юзэфовіч.
Мастачка з цеплынёй распавяла, што з першай сустрэчы палюбіла Беларускі дом у Даўгаўпілсе з яго гасціннай, душэўнай атмасферай, добразычлівымі гледачамі. Надзея Уладзіміраўна выказала надзею, што новыя карціны спадабаюцца наведвальнікам і дададуць пазітыўныя эмоцыі і ўражанні. Тым больш, што ёсць нагода для новай сустрэчы і новай выставы – 14 няскончаных прац і задумкі для новых сюжэтаў.
Палюбавацца маляўнічымі краявідамі Н.Ізянёвай пакуль можна толькі на сайце bkc.daugavpils.lv. Выстава будзе працягвацца і ў студзені 2021 года.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК