31 жніўня 2020 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыўся юбілейны творчы вечар “Па хвалях маёй памяці” вядомай у горадзе ўрача, паэткі, мастачкі, уладальніцы сярэбранага знака “Узнагарода года-2014” Даўгаўпілскай гарадской думы, члена Беларускага таварыства “Уздым” Настассі Сазанковой. “Сто гадоў!” праспявалі госці вечара юбіляру стоячы, пад апладысменты. Значыць, так і будзе!
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/412-u-belaruskim-dome-adznachyli-90-gadovy-yubilej-nastassi-sazankovaj?print=1&tmpl=component#sigProIdacdcdd4b91
Настасся Аляксандраўна Сазанкова даўно ўжо лічыць Беларускі дом родным. Сама родам з Віцебшчыны, з вёскі Захарнічы (дарэчы, там у фамільным маёнтку жыў і пахаваны знакаміты мастак Іван Хруцкі). З дзяцінства ўвабрала любоў да роднай зямлі, разуменне важнасці і каштоўнасці малой радзімы, роднай мовы і блізкіх людзей. А так як даўно жыве ў Латвіі, то дзве краіны сталі для яе аднолькава блізкія і любімыя. “Беларусь – мая душа, а Латвія – сэрца”, – пра гэта як нельга лепш кажуць радкі яе верша.
Н.Сазанкова – неардынарная і шматгранна таленавітая асоба. Па прафесіі – урач, выпусціла кнігу пра лекавыя расліны. Нягледзячы на тое, што ўсе сілы аддавала працы, але знаходзіла час і для творчых захапленняў. Піша вершы і выдае кнігі, займаецца жывапісам і пляценнем з бісеру, і нават “на ты” з камп’ютарам.
Адкрываючы паэтычны вечар, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская адзначыла, што Даўгаўпілсу пашанцавала, калі амаль 40 гадоў назад у горад прыехала працаваць доктар Настасся Аляксандраўна Сазанкова. Сваёй адданай працай яна дапамагла тысячам пацыентаў, а калі выйшла на заслужаны адпачынак, адкрыла ў сабе новыя таленты: піша пазітыўныя карціны і пранікнёныя вершы.
Таленты і захапленні высока ацаніла Генеральнае консульства РБ у Даўгаўпілсе – консул Галіна Найдзёнава цёпла павіншавала юбілярку і ўрачыста ўручыла ёй Ганаровую грамату. Трэба сказаць, што жадаючых павіншаваць было не злічыць: Праўленне беларускага таварыства “Уздым”, прадстаўнікі Цэнтра рускай культуры, ансамбль “Купалінка” (у якім калісьці спявала Настасся Аляксандраўна), калегі па паэтычнай і мастацкай ніве і сябры па духу. Усё вельмі шчыра і цёпла павіншавалі юбілярку з дзіўным 90-гадовым юбілеем, пажадалі даўгалецця і творчага натхнення, і літаральна “засыпалі” кветкамі.
Н.Сазанкова дзялілася ўспамінамі, чытала шмат вершаў на беларускай і рускай мовах, чытала па памяці, шмат жартавала і радавалася незвычайна душэўнай атмасферы свята, якую ўзмацнілі выдатныя беларускія песні ў выкананні кіраўніцы ансамбля “Пралескі” Настассі Лукашонак, харавой капэлы “Спадчына”, дуэта Рэгіны Родзікавай і Таццяны Багданавай.
Жыццёвае крэда Настассі Аляксандраўны: жыццё такое прыгожае і дзіўнае, што проста грэх марнаваць яе на гультайства. І ў пацверджанне гэтых слоў у заключэнне прачытала радкі са свайго верша, які лічыць дэвізам свайго жыцця:
“...Один экстрим –
Наш главный жизненный режим,
А где ж спокойствие души,
За виражами виражи…”
Пажадаем жа Настассі Аляксандраўне моцнага здароўя, даўгалецця і несуцішнай творчай энергіі! З юбілеем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК