У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася выніковая фотавыстава “2019 год у Беларускім доме”, якая ў сувязі з пандэміяй каронавіруса і ўвядзеннем на тэрыторыі Латвійскай Рэспублікі рэжыму надзвычайнай сітуацыі будзе даступная наведвальнікам пасля заканчэння карантыну. На здымках адлюстраваныя самыя яркія моманты творчай дзейнасці ўстановы і яго калектываў.
У канцы года кожны задумваецца пра тое, якім ён быў, гэты адыходзячы год: ці зроблена запланаванае, ці спраўдзіліся мары, ці пашырыліся перспектывы. Не выключэннем стаў і Цэнтр беларускай культуры, дзе традыцыйна падводзяць вынікі мінулага года, і ўсе здзейсненыя справы знаходзяць сваё адлюстраванне ў выніковай фотавыставе, дзе кожны наведвальнік установы можа наглядна азнаёміцца з праведзенай працай.
Адыходзячы 2019 год (зрэшты, як і ўсе папярэднія) для ЦБК стаў вельмі яркім, багатым на значныя падзеі, захапляючыя падарожжы, сустрэчы з выдатнымі людзьмі. Усе гэтыя цікавыя і разнапланавыя мерапрыемствы і знайшлі сваё адлюстраванне ў 10-ці тэматычных выставачных стэндах.
Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе і 20-годдзе ЦБК
2019 год стаў юбілейным і прайшоў пад знакам 20-годдзя дзейнасці ЦБК. 25 сакавіка 1999 года дэпутатамі Даўгаўпілскай гарадской думы было прынята рашэнне стварыць новую бюджэтную ўстанову – Цэнтр беларускай культуры, галоўная мэта дзейнасці якога – захаванне і развіццё беларускай нацыянальнай культуры і традыцый. На цяперашні момант Цэнтр беларускай культуры знаходзіцца ў рэйтынгу самых актыўных і паспяховых культурных устаноў горада. Ганаровая грамата Даўгаўпілскай гарадской думы і Ганаровая грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, уручаныя на юбілейным канцэрце – таму пацвярджэнне!
Сваё 20-годдзе ЦБК адзначыў яркім, маштабным святочным канцэртам у Доме Адзінства. Грандыёзнае мерапрыемства з удзелам усіх 6 творчых калектываў ЦБК і шматлікіх гасцей з Беларусі і Літвы прайшло ў рамках традыцыйных майскіх Дзён беларускай культуры. На фотастэндзе паказаныя ганаровыя госці фестывалю, захапляючыя канцэртныя фрагменты і, вядома ж, высокапрафесійная дружная каманда ЦБК са святочным тортам.
Навукова-пазнавальная акцыя “Беларускія геніі”
У 2019 годзе – у Год малой радзімы ў Беларусі, у ЦБК на працягу ўсяго года праходзіла рэалізацыя новага навукова-пазнавальнага цыкла “Беларускія геніі”, прысвечанага 20-годдзю ўстановы. У рамках новага праекта на працягу года ўспаміналі імёны ўсіх, кім па праву ганарыцца Беларусь: асветнікаў, пісьменнікаў і паэтаў, спартсменаў і касманаўтаў, палітыкаў і навукоўцаў, мастакоў і музыкантаў. Мерапрыемствы праходзілі ў розных фарматах, з удзелам ганаровых гасцей, цікавых творчых асоб і калектываў ЦБК.
Навукова-асветніцкая акцыя “Беларускія геніі” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры ўвайшла ў лік лепшых праектаў, рэалізаваных у 2019 годзе беларусамі за мяжой, і адзначана Дыпломам Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе
4 кастрычніка 2019 года ў Даўгаўпілсе пры поўным аншлагу прайшоў IX Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, у якім прынялі ўдзел беларускія творчыя калектывы і ўдзельнікі з Латвіі, Літвы, Эстоніі і Беларусі. Культурны форум прайшоў пад знакам 20-годдзя Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, а тэмай Гала-канцэрта стаў вясёлы панадворак!
Ужо ў фае гледачы атрымлівалі папярэдні зарад пазітыву і добрага настрою, калі ўдзельнічалі ў майстар-класе па беларускіх народных танцах, у вырабе розных відаў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: выцінанкі, лялькі-абярэга, свістулек; калі абменьвалі кнігі на “гузік шчасця”.
Яркая тэатралізавана-музычная імпрэза з удзелам творчых калектываў ЦБК, гасцей з Латгаліі, Літвы, Эстоніі і Беларусі пакарыла гледачоў тэатральнымі замалёўкамі, аўтэнтычнымі і запальнымі песнямі, спевамі пад беларускую дуду, іскрамётнымі танцамі.
Беларускае Купалле
Услед за латышскім Ліга свята летняга сонцастаяння святкуюць славяне, і традыцыйна ў Даўгаўпілсе свята Купалле праходзіць пад беларускім акцэнтам. 5 ліпеня 2019 года ў Цэнтральным парку Даўгаўпілса прайшло свята “Беларускае Купалле”, якое ўжо стала папулярным. Творчыя калектывы ЦБК, нацыянальна-культурных таварыстваў горада, а таксама госці з Рыгі і Беларусі, якія прынялі ўдзел у дынамічным тэатральным дзействе з песнямі і танцамі, падарылі гледачам масу станоўчых эмоцый і ўражанняў.
Свята атрымалася, нягледзячы на тое, што з раніцы і да вечара надвор'е палохала цёмнымі хмарамі, ураганным ветрам, громам і маланкай. Як па чараўніцтве, перад пачаткам канцэрта вызірнула сонейка, а ў небе над паркам некалькі разоў зіхацела падвойная вясёлка. Гэтае прыгожае відовішча можна ўбачыць на фота.
Ансамблю “Пралескі” – 5 гадоў
15 снежня 2019 года, у канцэртнай зале Дома Адзінства, адзін з самых запатрабаваных калектываў – вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, падарыў гараджанам і гасцям горада маляўнічую святочную праграму “І зімой квітнеюць пралескі”, прымеркаваную да свайго 5-гадоваму юбілею.
Як і першыя вясновыя блакітнавата-сінія кветкі, якія з'яўляюцца на вясновых праталінах пад першымі промнямі вясновага сонца, і якія далі адпаведную сімвалічную назву калектыву з 6 самадзейных спявачак маладога ўзросту, так і “Пралескі” за невялікіх пяць гадоў раскрылі свае таленты і дасягнулі вельмі высокага выканаўчага ўзроўню, заслужанай папулярнасці і любві гледачоў не толькі ў Даўгаўпілсе і Латвіі, а таксама ў Беларусі, Літве, Эстоніі.
На радасць гледачоў ансамбль прадставіў усю сваю разнастайную музычную палітру, у якую сакавітыя фарбы ўнеслі ўсе творчыя калектывы ЦБК.
Фестывальны карагод
Пры Цэнтры беларускай культуры створаны шэсць творчых калектываў, якія радуюць сваімі выступленнямі не толькі даўгаўпілчан, але і пастаянна ўдзельнічаюць у разнастайных фестывалях і конкурсах Латвіі, Літвы, Эстоніі, Беларусі, Расіі.
Самым важным і прэстыжным стаў удзел у 1-м Конкурсе беларускай песні ў Латвіі, арганізаваным Пасольствам Рэспублікі Беларусь у ЛР сярод творчых калектываў беларускіх арганізацый краіны. У ім прынялі ўдзел 16 аматарскіх калектываў Латвіі, 4 (!) з якіх з Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры – ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, дзіцячая студыя “Скарбніца”, вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі”, харавая капэла “Спадчына”. У лік пераможцаў увайшла дзіцячая студыя “Скарбніца” з Даўгаўпілса, якая атрымала пуцёўку на паездку ў Мінск для ўдзелу ў IV Фестывалі беларусаў свету ў 2020 годзе.
А яшчэ было шмат выступленняў у Латвіі і за мяжой: ансамбль народнай песні “Купалінка” на абласным свяце-конкурсе “Песні сунічных бароў” у Лёзна і канцэрце ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур у Мінску (Беларусь), на Свяце славянскай пісьменнасці ў Таліне (Эстонія ); танцавальны ансамбль “Лянок” на XXVI Міжнародным фестывалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” (Беларусь), Свяце славянскай пісьменнасці ў Таліне (Эстонія), на днях беларускай культуры ў Екабпілсе і Ліванах; вакальны ансамбль “Пралескі” на XXVI Міжнародным фестывалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” і экафестывалі “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” (Беларусь), XXII Свяце беларускай песні ў Шальчынінкаі (Літва), XXVII Фестывалі мастацтваў нацыянальных меншасцяў “Адзіныя ў разнастайнасці” (Рыга ).
Займальныя падарожжы
Творчыя людзі – народ няўрымслівы. Ім пастаянна хочацца спазнаць нешта новае, кліча і вабіць дарога. А паездкі на этнічную радзіму ўспрымаюцца нашымі аматарскімі артыстамі як ўзнагарода, як падзяка, і з вандровак яны вяртаюцца акрыленымі, натхнёнымі, з новымі песнямі і ідэямі для пашырэння рэпертуару.
Шмат новых, незабыўных і цікавых уражанняў прывезлі нашы сябры з трох паездак у Мінск. Наведванне Храма Усіх Святых, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, маштабных прамысловых аб’ектаў, мастацкіх музеяў і музеяў народнай архітэктуры пад адкрытым небам нікога не пакінулі абыякавымі. А яшчэ было знаёмства з Дуброўна, Лёзна, Наваполацкам, Міёрамі і вельмі цікавае навучанне-удзел у творчай стажыроўцы кіраўнікоў мастацкіх калектываў беларусаў замежжа на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў у Мінску.
Нашы артысты-аматары паспяхова выступілі на фестывалі і прагуляліся па старадаўніх вулачках Таліна (Эстонія), пабывалі ў Літве: на свяце Купалля ў Клайпедзе, на фестывалі беларускай песні ў Шальчынінкаі. І, вядома ж, не засталася па-за ўвагай наша любімая Латвія: Рыга, Екабпілс, Краслава, Ліваны, Даўгаўпілскі край.
Культурна-грамадская дзейнасць
Дзейнасць ЦБК спрыяе пазітыўнаму міжкультурнаму дыялогу і працэсу інтэграцыі ў разнастайным культурным жыцці шматнацыянальнага Даўгаўпілса. Беларусы супрацоўнічаюць з усімі нацыянальна-культурнымі цэнтрамі і таварыствамі горада і Латвіі, актыўна ўдзельнічаюць у шматлікіх гарадскіх мерапрыемствах.
Сустрэча з камісарам АБСЕ, прыёмы ў Амбасадзе РБ у Латвіі і Генконсульстве РБ у Даўгаўпілсе; удзел у семінарах, арганізаваных Цэнтрам недзяржаўных арганізацый і ў адкрыцці выстаў карцін у Арт-цэнтры М.Роткі і выставы малюнкаў у Латгальскай цэнтральнай бібліятэцы; шэсце ў святочнай калоне Дня горада і выступленні на Масленіцы і свяце вуліцы Варшавас; правядзенне беларускіх абрадавых святаў; малебен па ахвярах Чарнобыльскай АЭС – усё гэта і многае іншае можна ўбачыць на гэтым стэндзе.
Сяброўскія сустрэчы
Беларусы шырока вядомыя шырынёй і дабрынёй сваёй душы, гасціннасцю, шчырасцю, сціпласцю і... талентам. А таленавітых людзей у нас вельмі шмат. У Беларускім доме, дзе пануе сяброўская, душэўная атмасфера, часта праходзяць сустрэчы з літаратуразнаўцамі, пісьменнікамі, паэтамі, мастакамі і фотамастакамі, спевакамі, майстрамі-ўмельцамі і г.д., на якія заўсёды прыходзіць шмат наведвальнікаў.
Незабыўны след пакінулі творчыя сустрэчы з доктарам філалогіі Міраславам Янковякам з Прагі (Чэхія); паэтам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіславам Валодзькам, паэтамі Паўлам Плотнікавым, Настассяй Сазанковой, Яўгенам Голубевым, Сяргеем Пічугіным, Ліліяй Воранавай; мастакамі Вэлтай Лоцэ, Марыяй Сафронавай, Еўфрасінняй Лелэ, Феліксам Лукашэвічам і мастакамі з Латгальскай Асацыяцыі свабодных мастакоў; выканаўцай аўтарскіх песень Аленай Віткевіч, фотамастаком Юрыем Бітыньшам, майстрыхай Надзеяй Свірковіч.
Іх вершы, карціны, песні, фотаздымкі, ручныя вырабы, прысвечаныя тэме малой радзімы, пад знакам якой у Беларусі праходзіў 2019 год, кранаюць да глыбіні душы.
Цікавыя мерапрыемствы
Усе шматлікія і цікавыя мерапрыемствы, арганізаваныя і праведзеныя ЦБК, немагчыма было змясціць на гэты стэнд. Гэта і канцэрты, прысвечаныя Дням беларускай культуры і Дню незалежнасці Латвіі; адкрытая дыктоўка па беларускай мове і дабрачынныя і сацыяльныя акцыі: канцэрт “Купалінкі” у Дзённым цэнтры для людзей з парушэннямі душэўнага характару, лялечны спектакль з канцэртнымі нумарамі ў псіханеўралагічным дыспансеры, малебен па ахвярах аварыі на Чарнобыльскай АЭС; правядзенне беларускіх абрадавых святаў, разлічаных у першую чаргу на дзіцячую аўдыторыю; сустрэча з замежнымі гасцямі з Чэхіі, Польшчы, Эстоніі, Літвы, Беларусі і многае іншае.
Рэзюмэ
Увесь год прафесійная каманда ЦБК метадычна, мэтанакіравана і зладжана выконвала штодзённую працу, вынікам якой сталі якасныя і цікавыя фестывалі, канцэрты, выставы, мерапрыемствы, сустрэчы. Усе гэтыя моманты адлюстраваныя на фотавыставе “2019 год у Беларускім доме”, якая будзе даступная ў ЦБК увесь 2020 год. Дзверы нашага гасціннага Беларускага дома адчынены для ўсіх!
Марыя Памецька,
магістрант Даўгаўпілскага ўніверсітэта,
праграма “Міжкультурныя адносіны”
Фота аўтара