Другі аўторак пасля Вялікадня ў беларусаў асабліва паважанае свята – Радаўніца, час веснавога памінання продкаў. У гэты дзень наведваюць магілы блізкіх, успамінаюць гісторыю сваёй сям'і і роду. 28 красавіка 2020 года беларусы замежжа ў Даўгаўпілсе, захоўваючы традыцыі, паміналі сваіх таварышаў.
Радаўніца – веснавое свята пакланення продкам, у якога язычніцкія карані, а ў назве заключана сутнасць: радасць, род. У Беларусі Радаўніца занесеная ў святочны каляндар і з'яўляецца афіцыйным непрацоўным днём. У Дзень памінання памерлых беларусы імкнуцца наведаць магілы блізкіх, заказваюць паніхіды ў царкве. Радаўніца сімвалізуе сабой Уваскрасенне ўсіх смяротных, таму царква не рэкамендуе праяўляць празмерны смутак.
У Радаўніцы ёсць свае абрады. Дом святочна ўпрыгожвалі. Гаспадыня гатавала стравы для памінальнага стала, абавязкова няцотную колькасць. Ішлі ўсёй сям'ёй у царкву, а пасля абеду – на могілкі. Да магіл блізкіх у палатнянай хустцы неслі пачастункі (яйкі, куліч, сыр, драчону і іншае), запальвалі свечкі і лампадкі. Урачыстая трапеза пачыналася з запрашэння нябожчыка. Крыху ежы і алкаголю пакідалі продкам, рэшткі раздавалі жабракам. Дзень завяршаўся ў карчме з песнямі і танцамі. Пра гэта нават ёсць прыказка “На Радаўніцу да абеду аруць, пасля абеду плачуць, а ўвечары скачуць”. Так адзначалі Радаўніцу ў старадаўнасці, а да нашых дзён, галоўным чынам, дайшла традыцыя наведвання магіл і пачастункаў продкаў.
У Даўгаўпілсе Цэнтр беларускай культуры і Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” захоўваюць традыцыю Радаўніцы і наведваюць магілы дзеячаў беларускага руху. Напярэдадні свята актывісты аб'язджаюць розныя могілкі горада, прыбіраюць магілы, запальваюць свечкі, ускладаюць кветкі і ўспамінаюць пайменна – тых, хто ў міжваенны перыяд латвійскай гісторыі стваралі беларускія школы, тэатр, газеты і часопісы ў Даўгаўпілсе; хто ў сучаснай Латвійскай Рэспубліцы ўсведамляў сваю беларускую ідэнтычнасць і па-грамадзянску выяўляў яе.
На Грыўскіх каталіцкіх могілках спачываюць Сантоцкі Іосіф – член праўлення “Уздыма”, і Мілушава Маргарыта – настаўніца беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”. На лютэранскіх могілках побач з жонкай пахаваны Барткевіч Аляксей – педагог Даўгаўпілскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. На каталіцкіх могілках ляжыць яго калега, акцёр і рэжысёр беларускага тэатра – Камаржынскі Іосіф. Недалёка ад яго спачывае таксама іх паплечнік, настаўнік беларускай гімназіі – Александровіч Канстанцін. І ў гэтым жа сектары знаходзіцца магіла Панкевіча Мар'яна – ураджэнца Беларусі, мецэната. На камунальных могілках пахаваныя педагог Даўгаўпілскай беларускай гімназіі Талерка Мікалай і актывіст “Уздыма” Румянцава Надзея. На брацкіх могілках знайшоў спачын ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ардынскі Вячаслаў, на сямейным захаванні спачывае Буры Павел – адзін са стваральнікаў таварыства “Уздым”.
In memoriam! У памяці!
Жанна Раманоўская
Фота аўтара