8 красавіка 2020 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) выстаўлены карціны і скульптуры рыжскага мастака з беларускімі каранямі Васіля Малышчыца, прымеркаваная да яго юбілею і прысвечаная малой радзіме. Але выстава пакуль што дастпуная толькі віртуальна, у сувязі з надзвычайнай сітуацыяй з-за Covid 19; яе афіцыйнае адкрыццё запланавана на канец мая.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/372-yubilejnaya-vystava-mastaka-vasilya-malyshchytsa-prysvechana-rodnym-myastsinam?print=1&tmpl=component#sigProIddcc6bebc06
Напрыканцы мая, у рамках Дзён беларускай культуры, у памяшканні Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) публічна адкрыецца персанальная выстава карцін В.Малышчыца – беларускага мастака Латвіі, члена праўлення Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” і Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.
Радзіма В.Малышчыца – Заходняе Палессе, вёска Спорава Бярозаўскага раёна Брэстчыны. Нарадзіўся ён 8 красавіка 1960 года ў сям’і апрацоўшчыкаў дрэва. Вучыўся ў Спораўскай сярэдняй школе, скончыў Бабруйскае прафтэхвучылішча і ў 1978-м атрымаў спецыяльнасць столяра-чырвонадрэўшчыка. А праз восем гадоў яго, ужо выпускніка Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, накіравалі на работу галоўным мастаком Дома культуры Рыжскага электрамеханічнага завода.
З 1991 года Васіль Малышчыц займаецца разьбой па дрэву, рэстаўрацыяй мэблі для інтэр’ераў. А заказы ў яго бываюць вельмі цікавыя. У прыватнасці, наш зямляк аднавіў старыя драўляныя ківоты былой беларускай уніяцкай, а цяпер рускай праваслаўнай Троіцкай царквы ў Рызе. А яшчэ на выдатна зрабіў рэстаўрацыю і распісаў куфар для музейнай экспазіцыі ЦБК “Беларуская хатка”.
В.Малышчыц актыўна ўключыўся ў грамадскае і творчае жыццё беларускай дыяспары Латвіі: быў старшынёй “Сьвітанка” (1996—2000), з’яўляецца намеснікам старшыні Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. У 2005 годзе ў Рызе прайшла першая персанальная выстава В. Малышчыца, а ў 2006-м Міністэрства культуры Латвіі ўзнагародзіла яго граматай за папулярызацыю беларускай культуры ў гэтай краіне.
Аматары мастацтва і жывапісу Даўгаўпілса даволі добра знаёмыя з таленавітымі працамі мастака. Тут адбылося ўжо некалькі калектыўных выстаў з удзелам Васіля: у рамках выставы Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” адна – у Даўгаўпілскім краязнаўчым і мастацкім музеі, другая – у ЦБК. Працяг плённага супрацоўніцтва – асабістая выстава В.Малышчыца ў Даўгаўпілсе; аб чым будзе дадатковае паведамленне.
А спадара Васіля шчыра віншуем з юбілеем! Жадаем здароўя, сямейнага дабрабыту, творчых поспахаў, энергіі і натхнення на доўгія гады!
На фота: партрэт Васіля Малышчыца з яго асабістага архіва
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька, метадыст ЦБК