29 сакавіка свой 80-гадовы юбілей адзначыла Яўгенія Вячаславаўна Гуляева – ветэран культуры, сузаснавальніца і актыўны член беларускага-культурна асветніцкага таварыства “Уздым”. З нагоды гэтай выдатнай падзеі ганаровымі граматамі яе павіншавалі Упраўленне культуры Даўгаўпілскай гарадской думы, Генеральнае консульства РБ у Даўгаўпілсе.
Яўгенія Вячаславаўна Гуляева нарадзілася ў вёсцы Закор’е Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, у простай працавітай сялянскай сям’і. Маці пасля палявых работ у калгасе ткала прыгожыя дываны, ручнікі, вышывала настольнікі, вязала сурвэткі і карункі. Бацька быў добрым кавалём, пчаляром, а яшчэ таленавітым гарманістам: граў на вяселлях і ў клубах. Гэту любоў да музыкі і перадаў сваёй дачушцы; спецыяльна ездзіў у Ленінград, каб купіць ёй баян.
Пасля дзяўчына не разлучалася з музыкай: грала на клубных вечарынах і ў вандроўках, заўсёды была душой кампаніі. Менавіта таму і паступіла вучыцца ў Гродзенскае культпрасветвучылішча па класе баяна, дзе вывучала і народныя інструменты, і харавое майстэрства, і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Атрымаўшы дыплом метадыста - арганізатара клубнай работы, Яўгенія Вячаславаўна ўсё сваё жыццё прысвяціла працы на ніве культуры (за сваю шматгадовую плённую працу ўзнагароджана медалём “Ветеран труда”, мае ў сваім партфоліо больш 30-ці дыпломаў, ганаровых грамат і падзяк з Латвіі, Беларусі, Расіі).
Пасля заканчэння вучобы працавала ў раённых Дамах культуры г.п.Свір, Шаркаўшчыны, у школе Браслава выкладала спевы. Але, будучы непаседлівай натурай, падалася вучыцца ў Рыгу, у дзяржаўны ўніверсітэт на гуманітарны факультэт. Падчас вучобы пазнаёмілася са сваім будучым мужам, а калі выйшла замуж, то на 10 гадоў пераехала жыць на Украіну. Там працавала загадчыцай чытальнай залы Харкаўскага Дома вучоных, а затым малодшым рэдактарам аддзела навукова-тэхнічнай літаратуры ў выдавецтве “Вышэйшая школа” Харкаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
А калі воляй лёсу Я.Гуляева апынулася ў Даўгаўпілсе, то таксама сваё жыццё звязала з культурай: працавала старшым метадыстам у Цэнтральным Доме культуры, потым у Доме Калістратава; шмат часу аддавала латышскай, рускай, польскай культуры. Але беларускія карані, любоў да роднай мовы, спадчыны і зямлі сваіх продкаў, з маленства прывітая бацькамі, вядома ж, аказалі сваё значнае ўздзеянне на яе жыццё. Увесь вольны час прысвячала аб’яднанню беларусаў Даўгаўпілса, захаванню і папулярызацыі беларускай мовы і культуры, звычаяў і традыцый.
Яўгенія Вячаславаўна стаяла ля вытокаў стварэння Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, адвозіла дакументы ў Міністэрства юстыцыі Латвіі, каб зарэгістраваць таварыства; разам з актывістамі-беларусамі адкрывала памятную шыльду на будынку былой Беларускай гімназіі; была і ёсць актыўным удзельнікам шматлікіх мерапрыемстваў таварыства “Уздым”: аўтарам сцэнарыяў і вядучай паэтычных, літаратурных, музычных вечарын, Дзён беларускай культуры, традыцыйных абрадавых святаў. І нават зараз, будучы на пенсіі, актыўна ўдзельнічае у мерапрыемствах ЦБК і “Уздыма”, дапамае ў іх падрыхтоўцы і правядзенні.
Беларускі дом для гэтай шчырай, сумленнай, сціплай, чулай, прыгожай інтэлігентнай жанчыны з заўсёды ветлівай усмешкай, сапраўды стаў другім родным домам. Бо тут ёсць кола зносін, якое блізкае па стане душы, бо тут ёсць магчымасць паразмаўляць на роднай мове, дакрануцца да беларускай культуры і ўдыхнуць водар малой радзімы праз песні, вершы, карціны, выставы…
Яўгенія Вячаславаўна з годнасцю шануе і захоўвае памяць пра бацькоў. Яна перадала ў фонды Браслаўскіх музеяў вырабленыя процоўнымі рукамі маці дываны, ручнікі, сурвэткі; і асабістыя рэчы, медалі, дакументы, нават гармонік часоў вайны бацькі (які, дарэчы, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны). Яна імкнецца зрабіць усё магчымае, как нашчадкі не гублялі сувязь з малой радзімай, каб шанавалі і захоўвалі родную мову і не забывалі, адкуль мы ўсе родам.
Цэнтр беларускай культуры і таварыства “Уздым” сардэчна віншуюць Яўгенію Вячаславаўну Гуляеву з юбілеем, выказваюць шчырыя словы падзякі за плённае супрацоўніцтва з пажаданнямі моцнага здароўя, дабрабыту і бадзёрага настрою на доўгія гады!
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст ЦБК, член таварыства “Уздым”