28 верасня 2019 года ў невялікім гарадку Шальчынінкай, недалёка ад літоўска-беларускай мяжы, прайшло 23-е Свята беларускай песні, якое па традыцыі сабрала вакальныя калектывы беларускіх таварыстваў Літвы, а таксама гасцей з Латвіі і Беларусі. На фестываль быў запрошаны ансамбль “Пралескі” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры.
Свята беларускай песні арганізоўвае Аб'яднанне грамадскіх беларускіх арганізацый Літвы пры падтрымцы міністэрства культуры, самакіраванняў і пасольства Беларусі ў Літве. Песенны форум праводзіцца на ўмовах ратацыі, і кожны год яго прымае другі горад, у якім актыўна працуе беларускае таварыства. У Вісагінаса эстафету пераняў Шальчынінкай, у якім, дарэчы, праходзіў і самы першы фестываль беларусаў Літвы.
Свята беларускай песні пачалося з адкрыцця выставы карцін, аб'яднаных тэмай сакральнай архітэктуры і прыродных прыгажосцяў г.Ліда і яго наваколля.
Удзельнікаў фестывалю віталі старшыня Аб'яднання грамадскіх беларускіх арганізацый Літвы Мікалай Логвін, пасол Беларусі ў Літве Валерый Бараноўскі, кіраўніцтва самакіравання Шальчынінкая. Кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры і беларускага таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская у віншавальнай прамове падкрэсліла ўнікальнасць фестывалю беларускай песні ў Літве, аналага якому няма ў Прыбалтыцы.
А далей песня лілася ракой – на сцэне выступілі вакальныя беларускія ансамблі з Шальчынінкая, Вісагінаса, Клайпеды, салісты з Вісагінаса, Вільнюса і Мінска. “Пралескі” з Даўгаўпілса выканалі народную песню “Ой, хацела ж мяне маць” і латышскую аўтарскую “Ne kur nav tik labi, kā mājas” у перакладзе на беларускую мову Станіслава Валодзькі.
Кіраўніца ансамбля Настасся Лукашонак адзначыла, што “Пралескі” пачалі новы творчы сезон з гастроляў і сустрэчы з даўнімі сябрамі ў Літве, а пасля фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” калектыў будзе рыхтавацца да свайго першага юбілейнага канцэрта.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька прачытаў свае вершы.
Сапраўдным падарункам удзельнікам і гледачам фестывалю стала выступленне ансамбля “Пінская шляхта” і артыстаў Пінскага коледжа мастацтва (Беларусь) – запальныя танцы чаргаваліся з музычнымі кампазіцыямі і песнямі, якія аб'ядноўваюць людзей, гарады і краіны.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры