У суботу, 25 жніўня 2018 года, ансамбль беларускай народнай песні "Купалінка" Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) прыняў удзел у святкаванні 90-гадовага юбілею латгальскага горада Карсавы, які ўпрыгожвае адзіны ў Латвіі праваслаўны храм Еўфрасінні Полацкай¸ пабудаваны ў традыцыях драўлянага дойлідства.
Карсава – невялікі зялёны гарадок побач з расійскай мяжой, у гістарычна-культурным рэгіёне Латгаліі. Плошча горада каля 4 кв.км., насельніцтва каля 2000 жыхароў. Карсава – адміністрацыйны цэнтр Карсаўскага краю, які складаецца з самога горада і пяці воласцяў. Статус горада Карсава атрымала ў 1928 годзе.
І свой зусім юны для горада 90-гадовы юбілей карсаўчане адзначылі з размахам: бойкім выязным гандлем, грандыёзным канцэртам у Доме культуры, на якім ўшаноўвалі заслужаных гараджан, маляўнічым салютам.
На гала-канцэрце латышскія, латгальскія, рускія, польскія песні і танцы ў выкананні мясцовых артыстаў і запрошаных гасцей мяняліся, як у калейдаскопе. І свае яркія фарбы ў яго ўнёс ансамбль беларускай народнай песні "Купалінка" (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў). Творчы калектыў прыехаў на юбілейнае свята па запрашэнні гарадскога самакіравання. У выкананні ансамбля прагучалі лірычныя і гарэзлівыя беларускія народныя песні: «Пойдзем лугам», «Ой, ля дуба» (саліст Аляксандр Лапа), «Мы к вам прыехалі здалёк".
Карсаўская публіка аказалася на рэдкасць добразычлівай і шчодрай на апладысменты. І ўдзельнікі «Купалінкі» не засталіся ў даўгу: спявалі радасна, весела, з душой, за што і былі ўзнагароджаны бурнымі авацыямі.
Для ансамбля "Купалінка" таксама вельмі цікавымі былі славутасці Карсавы, асабліва праваслаўная царква прападобнай Еўфрасінні Полацкай, цалкам пабудаваная з дрэва. Яна лічыцца адным з найпрыгажэйшых храмаў Латгаліі. Унутры: разныя драўляныя калоны, драўляныя сцены, а таксама абраз з часцінкай мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Пабывалі артысты «Купалінкі» і ў каталіцкім касцёле, пабудаваным у 1932 годзе, вельмі прыгожым як звонку, так і ўнутры.
Да новых сустрэч, Карсава!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры