17 красавіка 2018 года ў Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыўся літаратурна-музычны вечар, прысвечаны прэзентацыі гістарычнай паэмы «Яраслаў» вядомай даўгаўпілскай паэткі і мастачкі, уладальніцы Ганаровай граматы Даўгаўпілскай гарадской думы і сярэбранага знака "Узнагарода года – 2014" Настассі Сазанковой.
«Забывая имя – теряем себя. Забывая историю – теряем Отечество. Сохраняя память о родном крае, страдая ностальгией, даже далеко от родины мы ее дочери и сыны…», - гэта радкі аўтара з прадмовы да гістарычнай паэмы «Яраслаў». Гістарычная тэма, тэма роднай зямлі і спадчыны вельмі блізкая Настассі Аляксандраўне. З'яўляючыся праўдзівай дачкой беларускага народа і старажытнай зямлі Полацкай, не магла не напісаць пра сусветна знакамітых асоб гэтага багатага гісторыяй краю - Ефрасінню Полацкую, Рагнеду; і вось зараз выйшла ў свет новая кніга пра сына Рагнеды - Яраслава Мудрага.
Настасся Сазанкова – ураджэнка Беларусі, нарадзілася ў в.Захарнічы на Полаччыне. Закончыла медыцынскае вучылішча ў Полацку, потым дзяржаўны медыцынскі універсітэт у Мінску. Усё жыццё працавала ўрачом і нават выпусціла кнігу пра лекавыя травы. Н.Сазанкова ўваходзіць у Асацыяцыю свабодных мастакоў Латгаліі, актыўны член культурна-асветніцкага таварыства "Уздым"; нягледзячы на шаноўны ўзрост, вядзе актыўны лад жыцця - піша карціны, вершы, выдае кнігі, прымае ўдзел у працы Дзённага сацыяльнага цэнтра і гарадскіх мерапрыемствах.
Па традыцыі прэзентацыя восьмай па ліку кнігі Н.Сазанковай - гістарычнай паэмы «Яраслаў», прайшла ў Цэнтры беларускай культуры. Як актыўны і рознабакова-таленавіты чалавек, сціплы і працавіты, Настасся Аляксандраўна карыстаецца заслужанай павагай не толькі сярод беларускай дыяспары, але і сярод творчых людзей Даўгаўпілса. Таму на вечары сабралася вельмі шмат прыхільнікаў яе таленту, у якіх была магчымасць дакрануцца да багатагай гістарычнай спадчыны нашых продкаў, паслухаць вельмі каларытны і займальны аповяд аўтара пра сваю кнігу, розныя версіі і гістарычныя факты, якія ляглі ў аснову паэмы.
Твор напісаны на рускай мове. Кніга на 76 старонак ілюстраваная малюнкамі Настассі Сазанковай – князёў і княгінь, як іх уяўляе сабе аўтарка. І нават менавіта да вечарыны Н.Сазанкова намалявала партрэт Яраслава. Рэдактар кнігі – Святлана Мекш.
Шматлікія сябры па творчаму цэху – даўгаўпілскія паэты, пісьменнікі, мастакі, сказалі шмат добрых слоў у адрас аўтара паэмы, чыталі свае вершы і нават спявалі песні: Галіна Сантоцкая, Станіслаў Валодзька, Фаіна Осіна, Марыя Сафронава, Яўціхій Канаплёў, Павел Плотнікаў, Валянціна Пруднікава, Ефрасіння Лелэ, Пётр Лаўрэнаў і іншыя.
За жывое кранулі слухачоў беларускія песні, якія прагучалі ў лірычным выкананні харавой капэлы «Спадчына» (мастацкі кіраўнік Яніна Юзэфовіч). Вядучая вечара, шматгадовы работнік культуры і член беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Яўгенія Гуляева на вельмі высокім узроўні правяла мерапрыемства, сабраўшы шмат матэрыялаў як пра Н.Сазанкову, так і пра яе новую кнігу.
Кіраўніца ЦБК і старшыня «Уздыма» Жана Раманоўская разам з членам праўлення «Уздыма» Таццянай Дзянісавай сардэчна павіншавала Настассю Аляксандраўну з выхадам у свет чарговай кнігі, прысвечанай гэтай цікавай гістарычнай эпосе, пажадаўшы ў далейшым творчага натхнення і не спыняцца на дасягнутым.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры