«Куфар беларускіх скарбаў» - так называецца праект Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК), прысвечаны 100-годдзю Латвійскай Рэспублікі. Мастацка-краязнаўчая акцыя стартуе 31 студзеня і працягнецца ўвесь год мерапрыемствамі, на якіх гледачы пазнаёмяцца з матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчынай беларусаў. А завяршыцца праект яркім фестывальным канцэртам «Беларускага кірмашу» і адкрыццём музейнай экспазіцыі.
Куфры выкарыстоўваюцца ў розных культурах з даўніх часоў. Доўгі час такая драўляная скрыня з'яўлялася асноўным і ўніверсальным прадметам мэблі і выконвала ролю стала, крэсла, спальнага месца і непасрэдна ёмістасці для захоўвання адзення, рэчаў хатняга ўжытку, каштоўнасцяў, а таксама прадуктаў харчавання (збожжа, мукі, сала і інш.). У беларускай народнай культуры куфар быў практычна культавым, магічным аб'ектам. Ён займаў важнае месца таксама ў вясельных і іншых абрадах, прысутнічае ў песнях і паданнях.
Скрыні рабілі з сасновых ці яловых дошак, на фігурных ножках-падстаўках, часта на драўляных або кованых кольцах. Па баках мацаваліся ручкі, на пярэдняй сценцы - замок або зашчапка. Нярэдка куфар упрыгожвалі мастацкай ацынкоўкай у выглядзе жалезных палос. З часам простая афарбоўка ўступіла месца дэкаратыўна-мастацкаму роспісу. У кожным рэгіёне Беларусі аддавалі перавагу розным колерам і сакавітым малюнкам у выглядзе кветкавых букетаў. Найпрыгажэйшымі арнаментамі распісвалі скрыні майстры Аговы і Шаркаўшчыны.
У свой «Куфар беларускіх скарбаў» мы складзём сакральныя аўтэнтычныя вырабы: вышытыя ручнікі, тканыя абрусы і пакрывалы, плеценыя паясы, пашытыя нацыянальныя касцюмы і іншыя рэчы ручной працы, якія з'яўляюцца матэрыяльным спадчынай беларусаў. Кожнае мерапрыемства праекта будзе прысвечана аднаму прадмету з бабулінага куфра, і першай тэмай стане ручнік - сімвал чысціні і роднай хаты.
На вечарыне ў выкананні творчых калектываў «Купалінка», «Лянок», «Паўлінка», «Спадчына», «Пралескі», салістаў, паэтаў будуць выкананы песні, танцы, вершы, легенды, абрады, што з'яўляецца нематэрыяльнай спадчынай беларусаў.
Запрашаем жыхароў Латгаліі далучыцца да нашай акцыі і перадаць Даўгаўпілскаму Цэнтру беларускай культуры для стварэння музейнай экспазіцыі прадметы беларускага побыту. Кожны падораны экспанат будзе адзначаны падзячнай граматай, а імя дарыльшчыка ўнесена ў летапіс стваральнікаў музея беларусаў Латгаліі.
Сардэчна запрашаем на вечар «Куфар беларускіх скарбаў», які адбудзецца ў сераду, 31 студзеня 2018 года, у 17.00, у Цэнтры беларускай культуры (Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1А). Адкрыем разам гэтую старонку багатай гісторыі беларусаў Латвіі!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры