З 19 па 25 лістапада 2017 года Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь правёў творчую стажыроўку для кіраўнікоў замежных, беларускіх, непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці беларускіх дыяспар, якія пражываюць за мяжой. Даугаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) у Мінску прадстаўляла харэограф, кіраўніца танцавальнага ансамбля «Лянок» Марына Медунецкая.
Адукацыйная праграма ў аб'ёме 44-х вучэбных гадзін праходзіла на базе ўстаноў культуры і адукацыі горада Мінска (Беларусь). На стажыроўку з'ехаліся прадстаўнікі з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Расіі, Украіны, Арменіі, Італіі. Варта адзначыць: супрацоўнікі Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, на базе якога працуюць 5 творчых калектываў, штогод маюць унікальную магчымасць пабываць на гэтак пазнавальнай і цікавай стажыроўцы, якая раўняецца курсам павышэння прафесійнай кваліфікацыі.
Праграма курсаў была надзвычай насычанай і разнастайнай. Група суайчыннікаў кожны дзень павышала ўзровень творчага майстэрства на лекцыях, семінарах, практычных занятках, майстар-класах і г.д. Удзельнікі пабывалі на практычных занятках лялечнага тэатра «Беларуcкая батлейка», майстар-класах па вырабе «беларускай лялькі», па традыцыйным ткацтве беларускага пояса; праслухалі лекцыі аб традыцыйных беларускіх рамёствах (праца з саломкай, глінай, ткацтва, вышыўка); азнаёміліся з методыкай работы фальклорных ансамбляў «Грамніцы», «Валачобнікі», «Берагіня»; развучылі беларускія бытавыя танцы і пазнаёміліся з нацыянальным беларускім касцюмам; асвоілі складаную працэдуру "завівання наміткі» - галаўнога ўбору з ручніка ў жаночым касцюме.
Акрамя вучэбных заняткаў, было яшчэ вельмі шмат займальных выязных мерапрыемстваў: экскурсія ў Нацыянальны дзяржаўны музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь; наведванне Нацыянальнай бібліятэкі і Храма ўсіх Святых; цёплы прыём на рэпетыцыі народнага фальклорнага ансамбля «Вербіца», дзе так прыемна было пачуць народную латышскую песню «Auga, auga rūžeņa» і паспрабаваць смачны хатні пірог.
Вельмі запамінальнай і прадуктыўнай была паездка ў Гомель, дзе дэлегацыю беларусаў замежжа чакалі ветлівыя сустрэчы ў Палацы культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, з юнымі артыстамі дзіцячага ансамбля фальклорнай песні «Мазырскія весялушкі» і артыстамі ансамбля народнай песні і музыкі «Жывіца», з заслужаным аматарскім калектывам «Сваякі».
Удзел харэографа М.Медунецкай у творчай стажыроўцы ў Мінску стаў магчымым дзякуючы падтрымцы Пасольства РБ у ЛР, а таксама Генеральнага консульства РБ у Даўгаўпілсе, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Беларусі, з якім Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры звязваюць гады партнёрства і Пагадненне аб супрацоўніцтве.
Падобнае павышэнне кваліфікацыі ва ўстановах культур на этнічнай Радзіме вельмі важна і неабходна для кіраўнікоў творчых аматарскіх калектываў ЦБК, паколькі спрыяе паляпшэнню якасці працы, якая праводзіцца з беларускай дыяспарай, папулярызацыі беларускай культуры ў Латвіі, умацаванню культурных сувязей дзвюх краін.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры