Восень - самая доўгачаканая пара года для земляробаў, калі з палёў ужо сабраныя збожжавыя, спеюць гародніна і садавіна, грыбы, ягады, арэхі; а Багач - адно з першых восеньскіх святаў у беларусаў. 26 верасня 2017 года даугаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) прымаў у сябе выхаванцаў 3-й сярэдняй школы, каб пазнаёміць з беларускімі традыцыйнымі святамі.
Багач - традыцыйнае беларускае свята, прысвечанае завяршэнню жніва і дням восеньскага раўнадзенства. У ім шмат цікавых абрадаў, песень, радасці ад таго, што скончана вялікая і цяжкая праца, і смутку ад таго, што наперадзе зіма са сваімі цяжкасцямі.
Багач - гэта лубок з жытам, у сярэдзіне якога стаіць свечка (дзе свечка - сімвал сонца, а збожжа - ураджайнасці). Жыта для Багача прыносілі жыхары ўсёй вёскі. У дом, дзе знаходзіўся Багач, запрашалі святара, і пасля асвячэння лубок са збожжам і запаленай свечкай у суправаджэнні жыхароў абносілі па ўсёй вёсцы і вакол статка, а затым ішлі да дома, у які на цэлы год пераносіўся Багач. Збожжа ў кошык збіралі з першага зажыначнага снапа, а свечку рыхтавалі пад дажынкавыя песні. Згодна з павер'ямі, Багач прыносіў у сям'ю дабрабыт, сямейную згоду, пладавітасць хатняй жывёлы.
Пра ўсё гэта, а таксама аб іншых традыцыях і звычаях беларусаў, аб традыцыйным для беларусаў відзе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - выцінанцы (папяровая аплікацыя), расказала школьнікам метадыст ЦБК Марыя Памецька, адзначыўшы таксама, што верасень у беларусаў, па старажытнай традыцыі, звязаны з сельскагаспадарчымі святамі, у якіх цесна пераплецены хрысціянскія, паганскія і народныя традыцыі і абрады. А арганізатар культурных мерапрыемстваў Ірына Апэйнанэ правяла экскурсію па Беларускаму дому, распавяла пра беларусаў Даўгаўпілса, пра бібліятэку і фотавыставу, азнаёміла дзяцей з экспазіцыяй "беларускай хаткі".
Потым дзеці з вялікім задавальненнем і азартам рабілі выцінанку: з паперы наклейвалі на каляровую паштоўку ажурных вожыка, яблык ці грушу, размалёўвалі, адгадвалі загадкі на беларускай мове і атрымлівалі ў якасці ўзнагароды за правільны адказ салодкі пачастунак з саламянага куфэрка. Завяршыўся адукацыйна-гульнявы занятак традыцыйным чаяваннем і фатаграфаваннем на памяць. Зробленую ўласнымі рукамі паштоўку, а таксама шмат новых пазітыўных уражанняў дзеці і іх настаўнікі выносілі з сабой, кажучы на развітанне толькі што вывучаныя па-беларуску словы "да пабачэння" і "да сустрэчы".
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры