У пятніцу, 1 верасня 2017 года, у Латгальскай Цэнтральнай бібліятэцы прайшоў літаратурны форум "Кніга жыве ...", прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і Дня беларускага пісьменства. Дадзеным мерапрыемствам даугаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) адкрыў новы творчы сезон. На вечарыне можна было азнаёміцца з выданнямі пра Францыска Скарыну і новымі кнігамі з бібліятэкі ЦБК, паслухаць вершы даўгаўпілскіх паэтаў і музычныя выступленні.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/166-050917?print=1&tmpl=component#sigProIdc84e3991ff
Не выпадкова літаратурны форум, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, адбыўся ў Дзень ведаў і Дзень беларускага пісьменства. У гэты ж дзень у Беларусі пачаліся галоўныя святкавання гэтай гістарычнай падзеі – у старажытным Полацку, родным горадзе Францыска Скарыны.
На вечарыне вельмі шмат гаварылі пра асветніка Францыска Скарыну (1490-1551). Бо 6 жніўня 1517 года ў Празе выйшаў "Псалтыр" - першая друкаваная беларуская кніга. Яе выдаў Францыск Скарына - беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, філосаф, асветнік, гуманіст, пісьменнік, перакладчык, выдавец, медык, навуковец эпохі Адраджэння. 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ўнесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА і шырока адзначаецца сусветнай грамадскасцю.
З 500-годдзем беларускага кнігадрукавання, з Днём беларускага пісьменства, якое мае шматвяковыя традыцыі, з Днём ведаў і з адкрыццём творчага сезону Цэнтр беларускай культуры і ўсіх гасцей прыйшлі павіншаваць намесніца кіраўніка даўгаўпілскага Упраўлення культуры Віта Вілеўка, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, намесніца дырэктара Латгальскай Цэнтральнай бібліятэкі Дзідра Ступанэ, вядомыя даўгаўпілскай паэты і барды.
Кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская, прымаючы ў падарунак ад Генеральнага консула РБ у Даўгаўпілсе В.Клімава каштоўную кнігу Анатоля Цітова "Дарогамі Францыска Скарыны», адзначыла неацэнную значнасць слова і кнігі ў жыцці чалавека і прачытала верш «Малітва Скарыны» беларускага паэта, журналіста і перакладчыка Сяргея Панізьніка, узнагароджанага латвійскім ордэнам Трох зорак і беларускім медалём Францыска Скарыны.
Галоўным госцем літаратурнага форуму стаў бібліяфіл, пісьменнік і выдавец Міхась Казлоўскі. Ён жыве ў г.Маладзечна (Беларусь), шмат гадоў даследуе родны край, выдае гісторыка-культурны часопіс і пры гэтым фундаментальна цікавіцца беларускімі «слядамі» у Латгаліі і Латвіі. М. Казлоўскі прэзентаваў новую кнігу «Крывіцкія руны-2», працягваючы папярэднюю «Крывіцкія руны-1», якая выйшла ў свет 14 гадоў таму і створаную сумесна з С.Панізнікам. У «Крывіцкіх рунах-2» сабрана проза і паэзія беларускіх літаратараў Латвіі ў перыяд Першай рэспублікі - з 1918 па 1940 гады.
Шматлікія госці заслухаліся займальным расказам М.Казлоўскага, які прагучаў на выдатнай літаратурнай беларускай мове. Галоўнае жыццёвае крэда пісьменніка складаецца ў тым, што чалавек павінен жыць памяццю аб багатым мінулым свайго народа; што кніга фарміруе асобу - гэта багаж, які заўсёды з чалавекам і складае з ім адзінае цэлае. М.Казлоўскі парадаваўся за тую вялікую працу, якую праводзіць Цэнтр беларускай культуры ў справе захавання і папулярызацыі творчай спадчыны і беларускай культуры, і падарыў бібліятэцы ЦБК некалькі выдатных кніг: "Крывіцкія руны-2", зборнік вершаў аўтараў Маладзечна, п'есы Івана Козела "Над хвалямі Серабранкі”.
Вядучая вечара метадыст ЦБК Марыя Памецька адзначыла, што Даўгаўпілс нездарма называюць горадам паэтаў. Паэтычнае слова неабходна для чалавечай душы. Без яго ў жыцці не хапала б чагосьці цікавага і незвычайнага. І дала старт паэтычнаму марафону, у якім паэты, барды і мастакі разважалі пра сілу слова, чыталі свае вершы і спявалі песні. У паэтычным марафоне прынялі ўдзел Яўгенія Гуляева, Станіслаў Валодзька, Фаіна Осіна, Павел Плотнікаў, Настасся Сазанкова, Зянон Ваяводскі, Таццяна Рускулэ, Марыя Сафронава, Кацярына Андрэева, Станіслаў Янушкевіч; а Анатоль Галер, Сяргей Салаўёў і Віталь Міхайлоўскі дадаткова да вершаў выканалі свае і аўтарскія песні.
У якасці музычнага фону ў пачатку і ў канцы вечара вельмі гарманічна прагучалі беларускія песні ў выкананні вакальнага ансамбля сеньёраў «Спадчына»; а арганізатарамі мерапрыемства выступілі Цэнтр беларускай культуры ў супрацоўніцтве з Латгальскай Цэнтральнай бібліятэкай.
Кніжная выстава, прысвечаная Францыску Скарыне, будзе адкрыта ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры ўвесь верасень. Запрашаем наведаць нашу выставу па адрасе: г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68, ЦБК, з 9.00 да 17.00.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры