19 мая 2017 года вялікім канцэртам адкрыліся традыцыйныя Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, у якім удзельнічалі творчыя калектывы Цэнтраў беларускай, рускай, польскай і ўкраінскай культур, госці з Беларусі. Свята праходзіла пад знакам 10-годдзя тэатральнай студыі «Паўлінка» Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК).
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/157-060617?print=1&tmpl=component#sigProIded5e119c05
Тэатральная студыя «Паўлінка» заснавана ў 2007 годзе. У рэпертуары аматарскага тэатральнага калектыву - пастаноўкі на беларускай мове вядомых п'ес: Я.Купалы «Паулінка», М.Чарота «Нікітаў лапаць», Л.Радзевіча «Збянтэжаны Саўка», Ф.Аляхновіча «Чорт і баба», В.Казлоўскай «У калядны вечар », сцэнарыі народных абрадаў і сямейна-бытавых гумарыстычных сцэнак. На Міжнародным фестывалі народных культур «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе" пастаноўкі тэатральнай студыі з'яўляюцца асноўным злучальным звяном гала-канцэрта. «Паўлінка» удзельнічала ў XXII Уселатвійскім свяце песні і XIV Свяце танца, XXV Уселатвійскім свяце песні і XV Свята танца, IX Міжнародным Даўгаўпілскім фестывалі масачных традыцый, фестывалі «Залессе збірае сяброў».
Віншуючы тэатральную студыю "Паўлінка" з першым круглым юбілеем, 1-ы намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Дукшынскі ўручыў ганаровыя граматы самакіравання заснавальніку калектыва Галіне Сантоцкай і яго цяперашняму кіраўніку Інэсе Казлоўскай. Намеснік кіраўніка Упраўлення культуры Віта Вілеўка адзначыла асаблівы сцэнічны каларыт тэатральнай студыі. Пра творчыя знаходкі і прыродны артыстызм удзельнікаў "Паўлінкі" казала консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская, калі ўручала дыплом І.Казлоўскай. Цёплыя словы і віншаванні ў гэты дзень прымала таксама ў сувязі са сваім 70-годдзем Г.Сантоцкая.
Музычныя віншаванні гучалі са сцэны ад ансамбляў Цэнтра беларускай культуры "Купалінка", "Лянок", "Спадчына" і "Пралескі"; ад ансамбля "Русічы" Цэнтра рускай культуры, ад Цэнтра польскай культуры, ад Цэнтра ўкраінскай культуры "Мрыя", а таксама гасцей з Мёраў - Дзмітрыя Тронькіна, Ігара Мятлы і Марыі Арцімёнак. Вершамі, песнямі і прозай віншавалі "Паўлінку" паэт Станіслаў Валодзька, салісты Зінаіда Сіліня і Павел Прозар, старшыня беларускага культурна-асветніцкага таварыства "Уздым" Людміла Сінякова. А між віншаваннямі гледачы змаглі ўбачыць п'есы "Чорт і баба", "Сымоніха і Лявоніха", "У калядны вечар" у выкананні двух складаў тэатральнай студыі.
У розныя гады ў пастаноўках «Паўлінкі» ігралі многія актывісты беларускай дыяспары Даўгаўпілса, - падкрэсліла вядучая вечара, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская, запрасіўшы ўсіх на сцэну. Разам яны выканалі кранальную, усім вядомую песню «Мой родны кут».
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры