З 29 чэрвеня па 3 ліпеня 2017 года ў Бабруйску (Беларусь) адбыўся XIV Міжнародны фестываль народнай творчасці «Вянок дружбы», у якім удзельнічаў ансамбль «Пралескі» даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК).
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/154-170717?print=1&tmpl=component#sigProId13d914777c
Кожны летні дзень за вакном прырода падае капрызы прыбалтыйскага надвор'я, а кавалачак сапраўднага спякотнага лета дэлегацыя з Даўгаўпілса заспела ў Беларусі, дзе ў цудоўным горадзе Бабруйску праходзіў 14-ы Міжнародны фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы”. Упершыню ў прэстыжным культурным форуме прымаў удзел аматарскі беларускі калектыў суайчыннікаў замежжа з Латвіі: такі гонар выпаў вакальнаму ансамблю “Пралескі” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры.
Некалькі слоў пра Бабруйск. Гэта раённы цэнтр у Магілёўскай вобласці. 220 тысяч жыхароў. Прамысловы горад, дзе працуюць вялікія заводы па вырабу шынаў, трактарных дэталяў, сельгастэхнікі, абутковая фабрыка, трыкатажная вытворчасць, мясакамбінат, кандытарскі завод з яго смачнымі зефірам і мармеладам. Бабруйск - прыгожы горад, у якім кіпіць жыццё. Ужо шмат гадоў у ім праходзіць Міжнародны фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы”, на які збіраюцца артысты з усяго свету.
У гэтым годзе фестываль “Вянок дружбы” быў асаблівым, таму што ў 2017 годзе Бабруйск з’яўляецца культурнай сталіцай Беларусі і святкуе свой чарговы юбілей – 630-годдзе. Фестываль прымаў выканаўцаў з Азербайджана, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Іспаніі, Італіі, Калумбіі, Кіпра, Кубы, Латвіі, Мексікі, Малдовы, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славакіі, Турцыі, Украіны, Чэхіі. Больш за 600 артыстаў. Латвію прадстаўлялі два калектывы – латышскі танцавальны “Уса” з Саласпілса і беларускі вакальны “Пралескі” з Даўгаўпілса. Што значна, Даўгаўпілс з’яўляецца горадам-пабрацімам Бабруйска.
Чатыры дні – з 29 чэрвеня па 2 ліпеня, “Пралескі” жылі ў атмасферы агульнага народнага свята. Урачыстае адкрыццё фестывалю “Вянок дружбы” адбылося ў “Бабруйск-Арэне”, дзе да ўдзельнікаў і гледачоў звярталіся мэр Бабруйска Аляксандр Студняў і намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік. Кожны ансамбль выконваў па аднаму нумару. “Пралескі” спявалі ўжывую, без фанаграмы, латышскую народную песню з перакладам на беларускую мову.
Ансамбль “Пралескі” з асабістымі канцэртамі выступіў у аграгарадку Туголіца, на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, на цэнтральнай плошчы горада. Спявалі беларускія, латышскія і латгальскія песні. Гледачы прымалі вельмі цёпла, шчыра.
На творчы конкурс “Вянок дружбы” дзяўчаты з “Пралесак” пры дапамозе супрацоўнікаў Цэнтра беларускай культуры зрабілі вянок, які назвалі “Адзінства культур і народаў”. Чаму такая назва? Вянок зроблены з лёну, сатканага на кроснах натруджанымі рукамі беларускай жанчыны ў Пастаўскім раёне. Ён напоўнены збожжам, якое вырасціў латышскі селянін на полі ў Даўгаўпілскім раёне. Вянок упрыгожваюць стужкі сцягоў дзвюх дзяржаў, нацыянальныя кветкі - беларускі васілёк і латышскі рамонак, і каласы хлеба. Такім чынам, вянок сімвалізуе дружбу Латвіі і Беларусі, а таксама беларусаў, якія здабылі на латвійскай зямлі другую радзіму, але захавалі і шануюць сваю беларускую культуру. Вянок дэлегацыя Даўгаўпілса ўрачыста ўручыла мэру Бабруйска ў музей фестывалю. І атрымалі дыплом і ўзнагароду.
Акрамя таго, “Пралескі” прывезлі ў Бабруйск нацыянальны сувенір сваёй краіны, які потым перадаецца ў фонды Бабруйскага краязнаўчага музея. У нас была латгальская кераміка з выглядам Даўгаўпілскай крэпасці. Таму што, нягледзячы на сотні кіламетраў, якія раздзяляюць Даўгаўпілс і Бабруйск, з 2012 года нашы слаўныя гарады звязваюць партнёрскае пагадненне, моцная дружба і добрасуседскія адносіны. У Бабруйска і Даўгаўпілса шмат агульнага: яны размясціліся на маляўнічых берагах рэк Бярэзіны і Даўгавы, у 19 стагоддзі пабудавалі аднолькавыя ўнікальныя крэпасці, гэта шматнацыянальныя і мультыкультурныя гарады з багатай гісторыка-культурнай спадчынай. Пра тое казала на прыёме ў мэра кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская, калі перадавала падарунак фестывалю.
Цікавым таксама атрымаўся вечар сяброўства ў Палацы мастацтваў. Кожная дэлегацыя прэзентавала свае нацыянальныя стравы. З улікам таго, што праз мяжу нельга везці мясныя і малочныя тавары, мы прыдумалі салодкі стол з вядомымі ўсяму свету латвійскімі брэндамі. Гэта былі ліепайская кава з рыжскім бальзамам і елгаўскім цукарам, пячэнне “Піпаркукас” і цукеркі “Серанада”, якія нідзе больш у свеце не робяцца, жытні хлеб з кветкавым мёдам. Попыт быў такі актыўны, што “Пралескі” ледзь паспявалі рыхтаваць пачастункі.
Урачысты канцэрт закрыцця фестывалю “Вянок дружбы” з узнагароджваннем адбыўся таксама на вялікай “Бабруйск-Арэне”. Кіраўніца ансамбля “Пралескі” Настасся Малышава атрымала дыплом і падарунак, які зараз упрыгожвае наш Беларускі дом у Даўгаўпілсе, - гадзіннік Бабруйска як культурнай сталіцы Беларусі. На закрыцці фестывалю ансамбль “Пралескі” спяваў вядому і кранальную латышскую песню “Nekur nav tik labi kā mājās” з перакладам і на беларускую мову. Сапраўды, нідзе няма так добра, як дома. Таму, пабыўшы чатыры дні ў гасцінным Бабруйску, мы спяшаліся дадому ў Даўгаўпілс – са шчырымі словамі падзякі арганізатарам фестывалю “Вянок дружбы” за запрашэнне і прыём, Генеральнаму консульсту Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе і Амбасадзе Беларусі ў Латвіі за вырашэнне візавых і інфармацыйных пытанняў, Даўгаўпілскай гарадской думе за фінансаванне паездкі.
Беларускія “Пралескі” з гонарам, годна прарэкламавалі горад Даўгаўпілс і краіну Латвію на міжнародным фестывалі ў Беларусі, які аб’яднаў артыстаў з 20 дзяржаў свету. Гэта поспех, новы вопыт і якасны ўзровень, і вялікая праца сапраўднай каманды аднадумцаў.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры
На фотаздымках:
02 – Дэлегацыя з Даўгаўпілса на святочным шэсці фестывалю “Вянок дружбы”
03, 03а – “Пралескі” спяваюць на ўрачыстым адкрыцці фестывалю на “Бабруйск-Арэне”
06, 07 – “Пралескі” выступаюць на цэнтральнай плошчы Бабруйска
14 – Урачыстае закрыццё фестывалю на “Бабруйск-Арэне”
15 – Кіраўніца “Пралесак” Настасся Малышава прымае ўзнагароды фестываля