Друкаваць

Літаратурны марафон быў прысвечаны аўтару легендарнай “Александрыны”

У пятніцу, 31 сакавіка 2017 года, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылася прэзентацыя перасовачнай выставы, прысвечанай народнаму паэту Беларусі Пятрусю Броўку, створанай на аснове матэрыялаў з фондаў Літаратурнага музея П. Броўкі (Мінск, Беларусь).

  • Click to enlarge image 01_p.brouka_31.03.2017.jpg
  • Click to enlarge image 02_p.brovka_31.03.2017.jpg
  • Click to enlarge image 03_p.brovka_31.03.2017.jpg
  • Click to enlarge image 04_p.brovka_31.03.2017.jpg
  • Click to enlarge image 05_p.brovka_31.03.2017.jpg
  • Click to enlarge image 06_p.brovka_31.03.2017.jpg
  • Click to enlarge image 07_p.brovka_31.03.2017.jpg
  • Click to enlarge image 08_p.brovka_31.03.2017.jpg
  • Click to enlarge image 09_p.brovka_31.03.2017.jpg
  • Click to enlarge image 10_p.brovka_31.03.2017.jpg
  •  
View the embedded image gallery online at:
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/133-040417?print=1&tmpl=component#sigProIde85d3d792a

Пётр Усцінавіч Броўка (1905-1980) - беларускі паэт і пісьменнік, перакладчык, навуковы дзеяч, аўтар паэтычных зборнікаў: “Гады як шторм”, “Паэзія”, “Шляхамі баравымі”, “Насустрач сонцу”, “У роднай хаце”, “Пахне чабор”, “Між чырвоных рабін”, “Калі ласка”, “Ты – мая пчолка”, “Што сэрца праспявала” і інш.; аўтар рамана “Калі зліваюцца рэкі”, аповесцяў “Каландары”, “Донька-Даніэль”; адзін са стваральнікаў Беларускай Энцыклапедыі, уладальнік шматлікіх Дзяржаўных узнагарод і прэмій, заслужаны дзеяч навукі.

Вечар пачаўся з гучання знакамітай песні «Александрына» на словы П. Броўкі ў выкананні легендарнага беларускага ансамбля «Песняры», якая настроіла прысутных на лірычную хвалю.

Вядучы вечара Станіслаў Валодзька пасля прывітання і ўступнага слова прадставіў ганаровую госцю з Беларусі – дырэктара Мінскага Літаратурнага музея Пятруся Броўкі Наталлю Мізон, якая пазнаёміла прысутных з выставай, расказала аб розных перыядах жыцця паэта. На стэндах – фотаздымкі Пятра Усцінавіча, яго родных, фотаздымкі яго кніг і яго паэтычныя радкі. З выступлення Н. Мізон можна было даведацца аб цікавых момантах з жыцця паэта, а таксама аб рабоце кватэры-музея. Экскурс па гісторыі жыцця знакамітага паэта, праведзены Наталляй Мізон на цудоўнай літаратурнай беларускай мове, быў такім захапляючым, што нікога не пакінуў абыякавым.

На вечарыне прагучалі вершы П. Броўкі ў выкананні Тэрэзы Паўлавай - «Пахне чабор», Марыі Памецька – «Сляды», Валянціны Ліпінскай – «Родная мова», Жаны Раманоўскай – «Ля помніка Райнісу», Іны Валюшка – «Бусел».

Упрыгожаннем імпрэзы стала выкананне музычнай кампазіцыі скрыпачкай Лідзіяй Кухарэнка і піяністкай Таццянай Чумікавай.  Выклікалі добрыя пачуцці і беларускія песні ў выкананні трыо ў складзе Яны Юзэфовіч, Веры Рагальчук і Ірыны Андрэевай і харавой капэлы ЦБК «Спадчына» (мастацкі кіраўнік Яна Юзэфовіч).

Падводзячы вынікі культурнага мерапрыемства, дырэктар Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская адзначыла, што ў рамках заключанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж ЦБК і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры стартаваў навуковы музейны праект, дзякуючы якому гледачы пазнаёміліся з творчасцю М. Багдановіча і П. Броўкі, а хутка ўбачаць выставу Р. Барадуліна.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Станіслаў Валодзька прысвеціў падзее свой верш “Водар чабору” і падарыў яго рукапіс Літаратурнаму музею П.Броўкі.

 

ВОДАР ЧАБОРУ

Мне пах чабаровы вятрыска данёс

Адтуль, дзе на свет я з’ явіўся і рос.

Там кветкі для мамы збіраў я ў лугах,

Там маме чабор я збіраць памагаў.

Нам лекамі быў чабаровы настой.

Ён пахкім віном падымаў нам настрой.

Там некалі ў лес па грыбы ідучы,

Верш “Пахне чабор” я на памяць вучыў

І потым ля дошкі разказваць быў рад

І на аднакласніцу кідаць пагляд.

Хоць столькі ўцякло з тога часу вады,

Мне пахнуць чаборам дзяцінства гады.

Выстава, прысвечаная творчасці П.Броўкі, будзе адчынена да 11 красавіка 2017 года з 9.00 да 17.00 у Цэнтры беларускай культуры па адрасу: Дварэц культуры, вул.Смілшу, 92, 3 паверх, 305 каб..

Шчыра запрашаем!

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры,

т. + 371 654 24695, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv

LV-5410, Латвія, г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,

Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306