Напрыканцы года кожны хоць на хвілінку задумваецца пра тое, якім ён быў, гэты адыходзячы год: ці зроблена запланаванае, ці спраўдзіліся мары, ці пашырыліся далягляды? 2016 год у Беларусі праходзіў пад знакам культуры. Менавіта такім – “безмяжова культурным” атрымаўся 2016 год і ў Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) - вельмі багатым на падзеі, падарожжы, сустрэчы з выдатнымі людзьмі. Пра гэтыя поспехі расказвае фотавыстава, якая адкрылася ў ЦБК 27 снежня 2016 года.
Культурны мост Даўгаўпілс-Беларусь
У 2016 годзе Цэнтр беларускай культуры працягваў будаваць культурны мост Даўгаўпілс-Беларусь: праз пагадненні аб супрацоўніцтве, паездкі на фестывалі ў Беларусь і запрашэнне сяброў з Беларусі ў Латвію.
За год падпісана пяць пагадненняў аб супрацоўніцтве ў галіне культуры паміж Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры і аддзеламі культуры выканаўчых камітэтаў Віцебскага, Глыбоцкага і Зэльвенскага раёнаў, таксама з Беларускім культурным цэнтрам «Крок» (Вісагінас, Літва), і з Цэнтрам нацыянальных меншасцей «Радзiма» (Талін, Эстонія). У кожнага з новых партнёраў ЦБК ёсць свае самабытныя фестывалі, і мы будзем абменьвацца творчымі калектывамі, метадычнымі рапрацоўкамі, вопытам.
За год ЦБК актыўна ўдзельнічаў у розных фестывалях у Беларусі. Ансамблі з Даўгаўпілса -“Купалінка” (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў), “Лянок” (мастацкі кіраўнік Марына Медунецкая), “Пралескі” (мастацкі кіраўнік Настасся Малышава), “Паўлінка” (мастацкі кіраўнік Інэса Казлоўская) і “Спадчына” (мастацкі кіраўнік Яна Юзэфовіч) выступілі:
- на свяце Купалля ў Полацку,
- на юбілейным XXV фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”,
- на “Вішнёвым фестывалі” у Глыбокім,
- на V фестывалі “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”,
- на фестывалі “Перабродская зорка” у Міёрскім крае,
- на фестывалі “Ганненскі кірмаш” у Гродненскай вобласці.
Паездкі на этнічную радзіму ўспрымаюцца нашымі аматарскімі артыстамі як узнагарода, як падзяка, і з вандровак яны вяртаюцца ўскрыленымі, натхнёнымі, з новымі песнямі і ідэямі для пашырэння рэпертуару.
Узнагародай для ЦБК стаў і ўдзел у творчай стажыроўцы ў Мінску на базе Універсітэта культуры і мастацтваў, у якой прымала ўдзел метадыст Марыя Памецька.
У 2016 годзе ЦБК не толькі ездзіў у госці, але запрашаў і прымаў шмат гасцей з Беларусі, якія знаёмілі жыхароў Даўгаўпілса з разнастайнай і багатай беларускай культурай. Так, вядучая тэлевізійнага кулінарнага шоу Ларыса Мятлеўская прэзентавала сваю кнігу і стравы нацыянальнай кухні беларусаў. Пісьменнік і выдавец Міхась Казлоўскі прывёз новыя кнігі пра забытых літаратараў. Сын мастака Аляксея Кузьміча пазнаёміў з карцінамі і кнігай пра свайго славутага бацьку, маляваўшага Мадоннаў. Танцоры віцебскай “Лявоніхі” вучылі нас народным танцам, а музыкі “Паўночнай Сухадроўкі” – фальклору. Дзіцячы ансамбль “Альтанка” з Віцебску паказаў цудоўны канцэрт да свята 8 сакавіка, а фальклорны ансамбль “Траецкія музыкі” з Барысава – яскравае выступленне на свяце Купалля ў парку Дубровіна. Шэраг гасцей з Полацку, Міёр, Браслава і Зэльвы ЦБК прымаў на 6-м Міжнародным фестывалі народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. Мінскі тэатр “Камедыя” спецыяльна прыехаў у ЦБК і падарыў беларусам дабрачынны спектакль “Дзякуй, Марго!”. А ў снежні многія даўгаўпілчане адкрылі для сябе імя таленавітага паэта, барда, класіка аўтарскай турыстычнай песні Арыка Крупа, які нарадзіўся ў Даўгаўпілсе, загінуў у гарах Расіі, а жыў, працаваў, тварыў і пахаваны ў Мінску. Мінскія барды далі пранізлівы канцэрт у Цэнтры беларускай культуры.
Вось такі культурны абмен прайшоў за год праз Даўгаўпілскі беларускі дом, і стасункі, наладжаныя ў беларускі Год культуры, будуць толькі ўмацоўвацца далей.
Вялікія канцэрты
На працягу ўсяго 2016 года прафесійны калектыў ЦБК працягваў метадычна, мэтанакіравана, паслядоўна рабіць штоднёвую працу, вынікам якой сталі якасныя і цікавыя фестывалі, канцэрты, выставы, імпрэзы, сустрэчы.
Гэта арганізаваныя і праведзеныя Цэнтрам беларускай культуры на вялікую публіку 6-ы Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, які сабраў 16 творчых калектываў з Латвіі, Літвы, Эстоніі і Беларусі; 1-ы Фестываль частушак, багатыя рознымі мерапрыемствамі традыцыйныя майскія Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, агульнагарадское свята “Беларускае Купалле” у парку Дубровіна, патрыятычны канцэрт да Дня Латвіі, юбілейны канцэрт паэта Станіслава Валодькі.
Абрадавыя заняткі
Папулярызацыі беларускіх нацыянальных абрадаў, рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ЦБК штогод надае ўвагу, і ў першаю чаргу на дзіцячую аўдыторыю. У Беларускім доме знаёмілі вучняў школ з календарным колам беларусам: Калядамі, Гуканнем вясны, Спасам, вучылі іх рабіць выцінанку, ляльку-скрутку альбо павука-абярэга.
Літаратурныя сустрэчы
Даўгаўпілс багаты на літаратараў, і у Цэнтры беларускай культуры праходзілі іх вечарыны, прэзентацыя кніг: Яўгена Голубева, Паўла Плотнікава, Настассі Сазанковай, Ірыны Страздонік-Плячко, Станіслава Валодзькі, Валянціны Абушкевіч, Таццяны Рускулэ, Анатоля Галлера, Анатоля Байко і інш.. Але, сустракаючыся з сучаснымі мясцовымі аўтарамі, мы не забываем пра літаратурную спадчыну. Усіх паэтаў і пісьменнікаў, у якіх у 2016 годзе былі юбілеі, у ЦБК успомнілі, правялі вечарыны ці кніжныя выставы: Іван Шамякін, Іван Мележ, Змітрок Бядуля, Ніл Гілевіч, Кандрат Крапіва, Ігнат Буйніцкі, Максім Багдановіч.
Разнастайныя выставы
Даўгаўпілс багаты і на мастакоў. У Беларускім доме за год адбыліся выставы карцін Вэлты Лоце, карцін членаў Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі, выставы карцін Еўфрасінні Лелэ, фатаграфій Алены Іванцовай, выставы вязаных рэчаў Валянціны Абушкевіч, выставы дзіцячых малюнкаў “Беларускі куточак”; фотавыставы, прысвечанай юбілею стварэння ўнікальнай беларускай святыні – Крыжа Еўфрасінні Полацкай; падарожнай выставы пра Янку Купалу з Мінскага інстытута імя паэта.
Стасункі з беларускімі арганізацыямі
Цэнтр беларускай культуры шчодра дзеліцца вопытам, супрацоўнічае і радуецца поспехам нашых сяброў-беларусаў ва ўсіх гарадах Латвіі. Так названыя падарожныя выставы ў Даўгаўпілсе з’явіліся дзякуючы Беларускаму інфармацыйнаму цэнтру і Латвійскаму беларускаму таварыству “Світанак” (Рыга). Мы віншавалі прэйльскі ансамбль “Рабінушка” з нагоды 20-годдзя, гулялі ў екабпілскага “Спаткання” на Свяце бульбы, гасцілі ў краслаўскай “Вясёлкі” на вечарыне М.Багдановіча, спявалі ў дагдскай “Вербіцы” на ФЭСЦе і падтрымалі яе ў праекце “Ручнік беларусаў Латгаліі”, спявалі на фестывалі народнай песні ў Ліванах, прымалі ў сябе ў гасцях у рамках Фестываля нацыянальных меншасцей “Pīnu, pīnu sītu” беларускія ансамблі з Рыгі, Ліепаі, Елгавы, Рэзэкнэ, Дагды і Прэйлі. Мы віншавалі членаў аб’яднання беларускіх мастакоў “Маю гонар” з юбілеем і ў Даўгаўпілсе, і ў Рызе; прымалі ўдзел у конкурсе даследчых работ Саюза беларусаў Латвіі. І абавязкова Цэнтр беларускай культуры шчыра падтрымлівае ўсе праекты і ідэі таварыста “Уздым”.
Сувязі з іншымі культурамі
Цэнтр беларускай культуры ў Даўгаўпілсе не існуе асобна, замкнёна. За год Беларускі дом цесна супрацоўнічаў з іншымі народамі і культурамі:
- разам з Польскім цэнтрам святкалі свята вуліцы Варшаўскай,
- разам з Рускім цэнтрам елі бліны на Маслёну, святкавалі Дні славянскай культуры,
- разам з Украінскім цэнтрам святкавалі яго дзень нараджэння,
- разам з Латышскім таварыствам святкавалі Дзень незалежнасці ЛР і Каляды,
- віншавалі Літоўскі цэнтр на фестывалі літоўскай песні,
- выступалі на фестывалі Нямецкага таварыства “Эрфолг”,
- слухалі песні разам з Яўрэйскім таварыствам,
- і ўсе дзяліліся сваімі каляднымі традыцыямі на агульным Навагоднім балі.
Шырокія далягляды
Беларуская разнастайная і актыўная дзейнасць не засталася незаўважанай у Даўгаўпілсе. Нашы таленавітыя калектывы запрашаюць на фестывалі, святы валасцей, пасёлкаў, і мы там с задавальненнем выступаем. У Цэнтры беларускай культуры кожны дзень не зачыняюцца дзверы. За такой вялікай працай стаіць маленькі калектыў у ліку сямі чалавек, высокапрафесійная каманда, якая абслугоўвае вялікую колькасць людей, жадаючых далучыцца да беларускай культуры. Да нас ахвотна ідуць на практыку студэнты Даўгаўпілскага ўніверсітэта. Таксама гэта бачыць і пазытыўна адзначае гарадское самакіраванне, таму скрануўся з месца праект стварэння асабістага будынка Беларускага дома на вул.Варшавас.
ЦБК закрыў 2016 год знакавай падзеяй – зроблена на беларускай мове кніга пра фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, якую мы неўзабаве прадставім чытачам.
Інфармацыя падрыхтавана:
Жана Раманоўская, кіраўніца ЦБК,
Цэнтр беларускай культуры,
т. 654 24695, cbk@inbox.lv, www.bkc.daugavpils.lv
LV-5410, Латвія, г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306