Экспазіцыя беларускай лялькі збіралася на працягу многіх гадоў. Лялек у асноўным прывозілі ў падарунак дэлегацыі з Беларусі. Асабліва каштоўныя – заваяваныя ансамблямі ЦБК на фестывалях, як, напрыклад, “Браслаўскія зарніцы”, “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” або “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Такім чынам, у калекцыі сабралася некалькі дзясяткаў экзэмпляраў лялек іх розных рэгіёнаў краіны, традыцыйна зробленых з ільняной тканіны, шматкоў, нітак, саломы, пакулля.
Лялькі захоўваюць у сваім вобразе самабытнасць і характэрныя рысы народа, які іх стварае. Беларускія народныя традыцыі па вырабе лялек вельмі старажытныя. Нашы бабулі, прабабулі займаліся вырабам лялек; з любой нагоды, з нагоды любога свята рабілася спецыяльная лялька. Лялькі спрадвеку суправаджалі чалавека на працягу ўсяго яго жыцця: сустракалі нованароджанага ў калысцы, дапамагалі ў цяжкія часы, прымалі на сябе хваробы, засцерагалі ад злых сіл. Яны дапамагалі дзецям у гульнях асэнсоўваць свае думкі і жаданні, развіваць фантазію, уяўленне, глядзець на свет вачыма іншых, прыстасоўвацца да жыцця ў соцыуме. У гэтым галоўная каштоўнасць традыцыйнай народнай лялькі.
Калекцыя лялек пакуль яшчэ сціплая, але яна служыць адкрытым сталом ідэй, дзе кожны знойдзе нешта для творчасці, розуму, разважанняў, навучання.
Захоўваючы традыцыі, мы шукаем у іх новае і ўкараняем у сучаснасць.
16 лістапада – Дзень беларускай народнай лялькі. Да яго ў Цэнтры беларускай культуры прымеркаваны адукацыйна-гульнявыя заняткі для школьнікаў. Дзякуючы майстар-класам па вырабе лялек, дзеці маюць магчымасць здзейсніць маленькі цуд – зрабіць сваю асабістую ляльку, пазнаёміцца з гісторыяй лялек у гульнявой форме. Так ідзе перадача традыцый наступнаму пакаленню.