29 лістапада 2025 года ў канцэртнай зале Дома адзінства адбыўся святочны юбілейны канцэрт “Ансамблю “Лянок” - 25!”, арганізаваны Цэнтрам беларускай культуры Дома адзінства.
Ужо 25 гадоў запар калектыў неардынарных творчых людзей вывучае і захоўвае традыцыі беларускіх народных танцаў, папулярызуе багатую танцавальную культуру сваіх продкаў.
Унікальнасць ансамбля “Лянок” у тым, што ён з'яўляецца адзіным у Латвіі самадзейным беларускім танцавальным ансамблем, у рэпертуары якога – беларускія, латышскія і латгальскія народныя танцы, стылізаваныя і гульнявыя танцы.
У складзе калектыву 14 удзельнікаў, некаторыя танцуюць з моманту заснавання, а асноўная частка дзесяць і больш гадоў. Кіраўніца ансамбля – педагог, выкладчыца танцаў Марына Медунецкая, канцэртмайстар – педагог, музыкант Вячаслаў Пятроў.
За чвэрць стагоддзя танцавальны ансамбль “Лянок” набыў заслужаную папулярнасць не толькі ў Латвіі, але і заваяваў любоў гледачоў у Літве, Эстоніі, Беларусі. Ансамбль “Лянок” неаднаразова выступаў на Уселатвійскім свяце песні і свяце танца, Латвійскім фестывалі нацыянальных меншасцей, шматлікіх міжнародных фестывалях у Латвіі і за мяжой.
Юбілейнае мерапрыемства пачалося з урачыстага моманту. З прывітальным словам да юбіляраў і шматлікіх гледачоў звярнуліся дэпутат Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання, старшыня камітэта па адукацыі, культуры і сацыяльных пытаннях Лівія Янкоўская і дэпутат Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання, намесніца кіраўніка Дома адзінства Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання Сандра Осітэ. Ганаровыя госці ўручылі віноўнікам урачыстасці падзякі ад гарадской думы і Дома адзінства.
Самадзейныя танцоры парадавалі гледачоў лепшымі нумарамі са свайго рэпертуару, якія склалі аснову канцэртнай праграмы.
Бадай, самай кранальнай атрымалася першая частка з танцамі на сакральныя тэмы малой радзімы, бацькоўскай спадчыны і духоўных традыцый сваіх продкаў.
А потым, як быццам па ўзмаху чароўнай палачкі, стылізаваныя блакітныя касцюмы колеру лёну (нездарма ансамбль носіць назву “Лянок”) змяніліся на латышскія народныя касцюмы. І гледачы з натхненнем апладзіравалі латышскім і латгальскім танцам.
Заключная частка святочнай феерычнай праграмы была прысвечана беларускім народным танцам. Лірычныя, гульнявыя, завадныя танцавальныя ўзоры нікога не пакінулі абыякавымі. Танцоры так і кружылі спецыяльна пашытымі да юбілею новымі спадніцамі, а нястомныя ножкі выбівалі абцасікамі і “Польку”, і “Падыспань”, і знакамітую “Лявоніху”.
Па традыцыі ўсе творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры Дома адзінства: ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, вакальны. ансамбль “Пралескі”, харавая капэла “Спадчына”, дзіцячая студыя “Скарбніца”, тэатральная студыя “Паўлінка” выступілі з віншавальнымі нумарамі. Паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свой новы верш, прысвечаны “Лянку”.
Фінальным і вельмі магутным заключным акордам стала прэм'ера танца па матывах беларускіх народных твораў – “Ланцужок” (харэограф Марына Медунецкая). Нумар быў спецыяльна падрыхтаваны да юбілейнага канцэрта і ўдастоіўся доўгіх і бурных авацый.
Як адзначыла ў заключным слове кіраўніца ЦБК Дома адзінства Жанна Раманоўская: “Танцавальны ансамбль “Лянок” цудоўны і на вялікай сцэне Уселатвійскага свята песні і свята танца, і ў гарадскіх канцэртных залах, і на летніх эстрадных пляцоўках, і на імправізаванай сельскай сцэне”.
“Лянок”, віншуем з юбілеем!
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/794-deju-ansamblis-lanok-ar-krasnu-koncertu-atz-meja-25-gadu-jubileju?print=1&tmpl=component#sigProId4214eeef93
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры
т.: +371 65424695, 29811969
эл. пошта: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.