25 красавіка 2025 года ў Цэнтры беларускай культуры Дома адзінства (ЦБК) адбылася творчая вечарына паэта Станіслава Валодзькі “Кладкі і масткі”.
Станіслаў Валодзька – вядомы ў Латвіі беларускі паэт-песеннік, аўтар паэтычных зборнікаў для дарослых і дзяцей на рускай і беларускай мовах. Паэт прымае актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці і літаратурным жыцці Даўгаўпілса, на працягу многіх гадоў публікуецца ў зборніках “Дні паэзіі”.
Яго вершы і песні гучаць у розных кутках Латвіі, Літвы, Эстоніі, Беларусі. У Цэнтры беларускай культуры таксама штогод вясной традыцыйна праходзяць творчыя вечары С. Валодзькі з прэзентацыяй новай кнігі ці песеннага дыска. Аб шматгадовым плённым супрацоўніцтве аўтара і ЦБК казала кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская.
Літаратурна-музычная вечарына “Кладкі і масткі” была прысвечана выхаду чарговага дыска – “Кладкі перакладаў”, на якім запісаны песні на беларускай мове ў перакладзе С. Валодзькі з латышскай, рускай, украінскай і польскай моў.
Музычнымі кампазіцыямі паэта павіншавалі калектывы ЦБК: ансамбль народнай песні “Купалінка”, танцавальны ансамбль “Лянок”, харавая капэла “Спадчына”, вакальны ансамбль “Пралескі”, дзіцячая студыя “Скарбніца”.
Публіка цёпла прывітала выступленні салістаў: Майі Калныні, Аляксандра Лапы, Юрыя Галоўкі, Рыгора Старавойтава, Мікалая Рабцова, Віктара Савошчанкі, Жанны Слядзеўскай; дуэтаў Рэгіны Родзікавай і Таццяны Багданавай, Петэрыса Макавецкага і Майі Рушманэ, Лідзіі Знотыні і Яўгена Пашкевіча, Аляксандра Лапы і Жанны Слядзеўскай.
Станіслаў Валодзька парадаваў прысутных не толькі новымі прэм'ернымі песнямі на свае вершы і перакладамі песень (у тым ліку з літоўскай мовы), але і новымі паэтычнымі творамі. З чарговым творчым дасягненнем аўтара цёпла павіншавалі даўгаўпілскія паэты Валянціна Пруднікава, Фаіна Осіна, Павел Плотнікаў і многія госці імпрэзы.
Наступная сустрэча ў літаратурнай гасцёўні ЦБК пройдзе 27 мая з паэтам Яўгенам Голубевым.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/746-notikusi-dzejnieka-stanislava-volodjko-jauna-dziesmu-albuma-prezentacija?print=1&tmpl=component#sigProIdf405305fba
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры
т.: +371 65424695, 29811969
эл. пошта: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.