22 лютага 2023 года ў Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) беларусы Даўгаўпілса традыцыйна пісалі дыктант па беларускай мове, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. У рэжыме анлайн падключыліся партнёры з Рыгі, Ліепаі, Екабпілса, а таксама з Літвы і Эстоніі.
21 лютага, пачынаючы з 2000 года, ва ўсім свеце штогод адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Да гэтай падзеі Цэнтр беларускай культуры штогод ладзіць дыктант па беларускай мове.
Геаграфія ўдзельнікаў дыктоўкі ўвесь час пашыраецца, а колькасць штогод расце. У апошнія гады дзякуючы пляцоўцы zoom дыктант набыў міжнародны маштаб, і сёлета разам з беларусамі Даўгаўпілса яго пісалі нашы землякі ў Рызе, Ліепаі, Екабпілсе, Клайпедзе (Літва), Нарве (Эстонія).
У аснову дыктанта заўжды бярэцца тэкст вядомага беларускага празаіка. На гэты раз гэта быў невялікі ўрывак з эцюда Янкі Маўра з цудоўнай назвай “Шчасце”. Выбар аўтара і тэксту не выпадковы: адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнік прыгодніцкага і навукова-фантастычнага жанраў Я. Маўр нарадзіўся ў Ліепаі 130 гадоў таму. І, як адзначыла намесніца дырэктара Рыжскай беларускай асноўнай школы ім. Янкі Купалы Ганна Іване, якая выбірала і дыктавала тэкст, зараз многім так не хапае простага чалавечага шчасця, але трэба старацца знаходзіць яго ва ўсім, нават у чытанні і напісанні невялікага твора.
Сонечнае надвор'е за акном, лёгкі і аптымістычны тэкст, зносіны на роднай мове садзейнічалі стварэнню сяброўскай нязмушанай атмасферы. Адказныя “вучні” старанна выводзілі знаёмыя з дзяцінства словы, успаміналі прызабытыя правілы, натхнёна абменьваліся пазітыўнымі эмоцыямі і радаваліся пачуццю яднання, якое ўзнікла падчас сумеснага напісання.
Тэксты дыктанта поштай адпраўлены ў Рыжскую беларускую асноўную школу ім. Я. Купалы, дзе ў музеі захоўваюцца працы многіх гадоў.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/598-diktatu-rakst-ja-latvijas-lietuvas-un-igaunijas-baltkrievi?print=1&tmpl=component#sigProIdd61787e765
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры