1 снежня 2022 года ў Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася персанальная выстава карцін даўгаўпілскага мастака, члена мастацкай студыі ЦБК “Каларытны свет” Пятра Лаўрэнава “Ціхая веліч прыроды”. На прадстаўленых карцінах намалявана мясцовая прырода ва ўсёй яе прыгажосці ў розную пару года.
Пётр Кірылавіч Лаўрэнаў – карэнны даўгаўпілчанін, які нарадзіўся ў цяжкі пасляваенны час у латгальскай стараверскай сям'і. Любоў да жывапісу была закладзена яшчэ ў раннім дзяцінстве – з пяці гадоў з хлопчыкам пачаў займацца прафесійны мастак, выпускнік Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, сябар сям'і Яўген Фёдараў.
“Мне пашанцавала з педагогамі. Яны патрабавалі маляваць строгім акадэмічным метадам і вучылі: авалодаеш малюнкам – лёгка авалодаеш любым кірункам жывапісу. Мае педагогі выхавалі мяне прыхільнікам традыцыйнага рускага рэалізму ў жывапісе”, – падзяліўся мастак сваімі ўспамінамі аб занятках у гуртках і студыях.
Мастак піша карціны не толькі ў стылі рамантычнага рэалізму, але і гіперрэалізму (калі карціну нельга адрозніць ад фатаграфіі); яго галоўныя “прылады” працы – акварэльная папера, гуаш і пэндзаль; малюе па памяці і па матывах карцін і фатаграфій, дадаючы пры гэтым свае непаўторныя дэталі; працы звычайна невялікіх памераў, бо гуаш павінна захоўвацца ў спецыяльным альбоме ці пад шклом.
Атрымаўшы вышэйшую тэхнічную адукацыю, П. Лаўрэнаў працаваў інжынерам на заводзе “Электраінструмент” і сумяшчаў працоўныя будні са штодзённымі заняткамі жывапісам. Аднак свае працы мастак пісаў “у стол” альбо дарыў сябрам і знаёмым. Пра гэта і пра тое, што першая персанальная выстава адкрылася ў Цэнтры беларускай культуры ў 2017 годзе, расказала кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская. З таго часу работы Пятра Кірылавіча неаднаразова з вялікім поспехам выстаўляюцца на разнастайных гарадскіх мастацкіх пляцоўках.
Павіншаваць мастака з адкрыццём чарговай выставы сабралася шмат гасцей. Сын Міхаіл Лаўрэнаў з жонкай Вольгай вельмі цёпла павіншавалі, паводле іх слоў, сціплейшага чалавека. Аказваецца, нягледзячы на свой сталы ўзрост, бацька з ранняй вясны да позняй восені жыве на хутары, што ў трох кіламетрах ад мяжы з Беларуссю: даглядае сад і агарод, майструе і сталярнічае, пляце мастацкія рэчы з лазы і, вядома ж, займаецца жывапісам.
Мастачка Велта Лоцэ падкрэсліла гармонію колеру, формы і зместу карцін, іх несумненнае майстэрства; калі яблык на карціне “пахне” – значыць, гэта сапраўдны мастак. Ніна Юхноўская, прыхільніца творчасці П. Лаўрэнава, адзначыла незвычайную душэўнасць карцін і іх філіграннасць.
Музычныя падарункі ад салісткі вакальнага ансамбля “Пралескі” Настассі Лукашэнак і барда Анатоля Галлера вельмі арганічна ўпляліся ў канву вечара. Запаленая свечка Адвэнту, нягучная фонавая музыка, павольная гутарка ўдзельнікаў і гледачоў з мастаком стваралі адчуванне перадсвяточнай атмасферы, душэўнага цяпла і ўтульнасці. Мусіць, менавіта таму госці не спяшаліся разыходзіцца і доўга абмяркоўвалі таленавітыя і дзіўна прыцягальныя карціны П. Лаўрэнава.
Жадаем мастаку і выдатнаму чалавеку здароўя, даўгалецця, новых творчых поспехаў і адкрыццяў! Выстава Пятра Лаўрэнава “Ціхая веліч прыроды” будзе адкрыта ў ЦБК (вул. Алеяс, 68-1А) да 17 лютага 2023 года.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры