3 лістапада 2022 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася літаратурная выстава, прымеркаваная да 140-годдзя класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, які ўпісаў эпахальную старонку ў гісторыю беларускай літаратуры і культуры.
Якуб Колас (1882-1956) – народны паэт Беларусі, драматург, празаік, акадэмік, публіцыст, перакладчык, педагог, адзін з заснавальнікаў і стваральнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы, методыкі іх выкладання, вядомы грамадскі дзеяч.
Я. Колас (сапраўднае імя – Канстанцін Міцкевіч) пачаў пісаць у 10-гадовым узросце; адным з першых вершаў стала “Вясна”. У залаты фонд беларускай літаратуры ўвайшлі яго лірычна-эпічныя паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Стваральнік паэтычнага эпасу беларусаў таксама праявіў сябе як выдатны майстар мастацкай прозы: трылогія “На ростанях”, аповесці “Нёманаў дар” і “Малады дубок”, зборнік “Казкі жыцця” і іншыя творы – таму сведчанне.
Несумненна, вяршыняй творчасці з'яўляецца паэма “Новая зямля”, якую сам паэт лічыў сваім галоўным творам. Урыўкі з гэтай паэмы і іншых твораў, вершы і песні на словы класіка рэгулярна гучаць на нашых літаратурных вечарах, бо многім гэтыя радкі знаёмы са школьным лавы. “Мой родны кут”, “Скажы мне, Ганулька”, “Роднаму краю”, “Вясна”, “Радасць”, “Кахання нашы галасы” – вось толькі невялікі пералік музычных твораў любімага аўтара.
У Беларусі свята шануюць памяць народнага песняра: на малой радзіме ў Стаўбцоўскім раёне створаны музеі-сядзібы; імя Якуба Коласа прысвоена Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру ў Віцебску, названы плошчы, вуліцы і скверы па ўсёй рэспубліцы; у Мінску на плошчы яго імя ўзвышаецца велічны манумент.
Існуюць гістарычныя сувязі паміж Латвіяй, Даўгаўпілсам, Цэнтрам беларускай культуры і імем Якуба Коласа. У навагоднюю ноч 1913 г. літаратар знаходзіўся ў нашым горадзе і нават напісаў тут верш. Пра гэта і многія іншыя цікавыя факты з жыцця і творчасці свайго дзеда беларусы Даўгаўпілса даведаліся ад унучкі Якуба Коласа Марыі Міцкевіч, якая пяць гадоў таму пабывала ў Беларускім доме на літаратурнай сустрэчы, прысвечанай 135-годдзю беларускіх паэтаў-класікаў Я. Купалы і Я. Коласа. М. Міцкевіч паказала рэдкія выданні і дакументы, падарыла ў бібліятэку некалькі кніг.
У фондзе бібліятэкі ЦБК налічвае некалькі дзясяткаў кніг Я. Коласа, сярод якіх зборнік твораў у 14-ці тамах. Запрашаем усіх, каму дорага і цікава вобразнае коласаўскае слова, прасякнутае любоўю да роднай зямлі, культуры і свайго народа, наведаць нашу літаратурную выставу, успомніць знаёмыя з дзяцінства радкі на роднай мове. Бо, як пісаў Якуб Колас: “Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры