31 жніўня 2022 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) прайшла вечарына памяці самадзейнай мастачкі, паэткі Настассі Сазанковай. У памяць аб светлым чалавеку і таленавітай асобе, якая нядаўна адышла ў іншы свет, адкрылася персанальная мастацкая выстава “Родныя пейзажы”.
Настасся Аляксандраўна Сазанкова – урач, мастачка, паэтка, была членам беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” і даўнім сябрам Цэнтра беларускай культуры. Нарадзілася ў 1930 годзе на слаўнай Полаччыне, скончыла Полацкую медыцынскую школу, Мінскі медыцынскі інстытут, працавала ўрачом адразу ў Беларусі, а потым, прачытаўшы заклік у “Медыцынскай газеце”, пераехала ў Латвію, дзе і працягвала лячыць людзей не толькі медыцынскімі прэпаратамі, але таксама добрым словам і чулым стаўленнем.
Жыццё і лёс Н. Сазанковай былі вельмі нялёгкімі, часам трагічнымі: яна была дзіцём вайны, атрымала раненні пры бамбёжцы, перажыла голад, холад, акупацыю, разруху і галечу. “Магчыма, менавіта адтуль, з дзяцінства, Настасся Аляксандраўна пранесла сціпласць і дабрыню, закрытасць і беражлівасць, жаданне лячыць людзей мастацтвам, быць карыснай грамадству і самарэалізоўвацца” - адзначыла ва ўступным слове кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, заклікаўшы праз яе карціны паспрабаваць зразумець унутраны свет мастачкі і адкрыць нязведаныя грані душы.
Н. Сазанкова была даўнім і адданым сябрам Беларускага дома – тут рэгулярна праходзілі прэзентацыі яе новых кніг і адкрываліся персанальныя выставы карцін. Валодаючы няўрымслівым характарам, пляла бісерам, у сталым узросце асвоіла камп’ютар, актыўна ўдзельнічала ў творчай дзейнасці, спявала калісьці ў ансамблі беларускай народнай песні “Купалінка”. Менавіта таму ансамбль адкрыў вечар песняй “Цячэ вада ў ярок”, якую ў свой час калектыў спяваў разам з Настассяй.
“Культурныя сувязі, у тым ліку і мастацкая творчасць – гэта той масток, які ўмацоўвае сяброўскія добрасуседскія адносіны паміж дзвюма краінамі” - лічыць консул Генконсульства РБ у Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава, якая хоць і нядоўга была знаёмая з мастачкай, але ўспаміны і ўражанні ад сустрэчы засталіся самыя добрыя і пазітыўныя.
Сузаснавальнік таварыства “Уздым”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька прачытаў свой кранальны верш “Шлях на радзіму”, прысвечаны Н. Сазанковай, з якой сябравалі і даўно былі знаёмыя. У зладжаных радках прасочваецца жыццёвы шлях Настассі Аляксандраўны ад дзяцінства да краю жыццёвага гарызонту. Радкі арганічна ўпісаліся ў тэму выставы, на якой упершыню прадстаўлены пейзажы з мілымі сэрцу роднымі куткамі Беларусі і любімымі куткамі Латвіі: “А краявіды вока цешаць, каб стаць карцінамі затым”.
Незвычайна праніклівым стала выступленне ветэрана культуры Яўгеніі Гуляевай. Яна працягу доўгіх гадоў блізка ведала Настассю, якая з дзяцінства ўвабрала любоў да роднай зямлі, разуменне важнасці і каштоўнасці малой радзімы, роднай мовы і блізкіх людзей. Невядомыя моманты біяграфіі, вершы і ўспаміны пра мастачку з вуснаў Яўгеніі Вячаславаўны шматлікія наведвальнікі выставы слухалі са здзіўленнем і захапленнем. Тым больш, што ўсе прысутныя ведалі Н. Сазанкову не па чутках, а асабіста былі знаёмыя з аўтарам вершаў і карцін. Шмат цёплых слоў і добрых успамінаў у яе адрас прагучала ад паэтаў Паўла Плотнікава і Ліліі Воранавай, удзельнікаў “Купалінкі” Марыі Памецька і Галіны Яроменкі.
Вечарына ўспамінаў з элементамі лірычнага, настальгічнага, цёплага і душэўнага настрою таксама закончылася музычным падарункам ад ансамбля. А наведвальнікаў да канца лістапада будуць саграваць мілыя, няхай і злёгку “наіўныя” пейзажы, пакінутыя нам на добрую памяць таленавітым светлым чалавекам – Настассяй Сазанковай.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры