На фестывалі “Baltica 2022” гучалі песні беларусаў Даўгаўпілса
Друкаваць

На фестывалі “Baltica 2022” гучалі песні беларусаў Даўгаўпілса

З 6-га па 10 ліпеня 2022 года ў Рызе і розных гарадах Курзэмэ і Відзэмэ адбыліся канцэрты Міжнароднага фальклорнага фестывалю “Baltica 2022”, арганізаванага Латвійскім нацыянальным культурным цэнтрам Міністэрства культуры ЛР. На прэстыжным фальклорным форуме беларускую культуру прадстаўлялі ансамбль народнай песні “Купалінка” і тэатральная студыя “Паўлінка” Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання.

Фестываль “Baltica” – вельмі важкая і значная падзея для народаў Балтыі, якая наглядна дэманструе традыцыйныя культурныя каштоўнасці – народныя песні, танцы, музыку, гульні, рамяство. Упершыню фестываль прайшоў у 1988 годзе.

Творчыя калектывы Даўгаўпілскага ЦБК удзельнічаюць трэці фестываль запар, кожны раз праходзячы складаны конкурсны адбор. Калі на папярэдніх фестывалях калектывы ЦБК выступалі ў Рызе і ў Даўгаўпілсе, то ў гэты раз адправіліся ў далёкае падарожжа – у Вентспілс і Талсі.

Кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская: “Для нас удзел у фальклорным свяце культур Балтыі заўсёды адказны, карысны і хвалюючы, паколькі фестываль адрозніваецца высокім узроўнем, а ўдзельнікі адбіраюцца па папярэднім аглядзе. Прыемна, што журы адабрала ансамбль “Купалінка” і тэатральную студыю “Паўлінка”, якія таксама з'яўляюцца ўдзельнікамі апошніх Латвійскіх святаў песні. Сёлета два нашыя беларускія творчыя калектывы прадстаўлялі не толькі беларусаў Даўгаўпілса, але ў цэлым усю беларускую культуру Латвіі”.

Вентспілс у гэтыя дні літаральна “бурліў”, паколькі фальклорны канцэрт “Tā dziedāju, tā runāju, kā es biju ieraduse” фестывалю “Baltica 2022” праходзіў падчас Свята мора. Набярэжная, вуліцы і плошчы былі запоўнены шматлікімі гараджанамі і гасцямі Вентспілса, якіх перапаўнялі святочныя эмоцыі і прыўзняты настрой.

Як заўжды, фестываль “Baltica” прайшоў вельмі маляўніча і маштабна. Галоўнай яго тэмай стала “Гульня”, а дэвізам: “Прыходзь гуляць са мной”. У канцэртнай праграме фестывалю ўдзельнічалі калектывы, якія прадстаўляюць разнастайнасць нацыянальнасцяў, якія жывуць у Латвіі.

Рэжысёр тэатральнай студыі “Паўлінка” Інэса Казлоўская: “Спадзяюся, нам удалося прыўнесці беларускі каларыт і пазнаёміць з традыцыямі правядзення летняга свята Сёмухі, паказаць абрады завівання вянкоў на бярозе, “кумавання” дзяўчат, гулянняў і гульняў, ды і ў цэлым перадаць часцінку беларускай простай душы”.

Ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” пазнаёміў з карагоднай гульнёй “Падушачка”, у тэатральнай ігравой форме прадставіў жартоўную песню “Стары дзед” і паказаў абрад “Суборная суботка”, падчас якога нявеста запрашае сябровак звіць вянок на вэлюм перад шлюбам.

Кіраўнік ансамбля “Купалінка” Вячаслаў Пятроў: “Сваімі маляўнічымі касцюмамі і вясёлымі песнямі мы ўнеслі свае асаблівыя фарбы ў каларытную праграму фестывалю. Удзел у падобных мерапрыемствах вельмі важны для нас, самадзейных артыстаў, паколькі ёсць магчымасць павучыцца майстэрству выканання найвышэйшага класа, завесці новыя знаёмствы і зарадзіцца творчай энергіяй”.

Творчая дэлегацыя прыняла ўдзел у святочным шэсці закрыцця фестывалю “Baltica” у г. Талсі, які завяршыўся грандыёзным канцэртам на эстрадзе Sauleskalns. Дадому “Купалінка” і “Паўлінка” прывезлі дыпломы Латвійскага нацыянальнага культурнага цэнтра.

Удзел у фестывалі “Baltica” і знаёмства з разнастайнасцю культур народаў Латвіі сталі выдатным акордам, які завяршае творчы сезон Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры.

Цэнтр беларускай культуры выказвае словы шчырай удзячнасці Упраўленню культуры і кіраўніцтву Даўгаўпілскай гарадской думы за фінансавую падтрымку пры арганізацыі паездкі калектываў ЦБК у Курзэмэ на фестываль “Baltica”.

  • Click to enlarge image 01_Baltica_9.07.2022.jpg
  • Click to enlarge image 02_Baltica_9.07.2022.jpg
  • Click to enlarge image 03_Baltica_9.07.2022.jpg
  • Click to enlarge image 04_Talsi_10.07.2022.jpg
  • Click to enlarge image 05_baltica-2022-gjiens-un-noslguma-koncerts-krust-rs-valodi_52206207157_o.jpg
  • Click to enlarge image 06_Baltica_9_10.07.2022.jpg
  • Click to enlarge image 07_Baltica_9_10.07.2022.jpg
  • Click to enlarge image 08_Baltica_9_10.07.2022.jpg
  • Click to enlarge image 09_Baltica_9_10.07.2022.jpg
  • Click to enlarge image 10_Baltica_9_10.07.2022.jpg
  •  
View the embedded image gallery online at:
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/562-festivala-baltica-2022-skaneja-daugavpils-baltkrievu-dziesmas?print=1&tmpl=component#sigProIda88100eb14

Інфармацыя падрыхтавана:

Марыя Памецька,

метадыст Цэнтра беларускай культуры