Друкаваць

У Даўгаўпілсе беларускі Дзед Мароз мяняў пернікі на паштоўкі

          17 снежня 2021 года ў Даўгаўпілсе можна было сустрэць беларускага Дзеда Мароза і яго ўнучку Снягурачку. Яны размаўлялі з маленькімі гараджанамі і іх бацькамі, а таксама абменьвалі салодкі пернік-ялінку на дзіцячыя самаробныя паштоўкі з пажаданнямі Даўгаўпілсу. 

  • Click to enlarge image 01_Ded_Moroz_17122021.jpg
  • Click to enlarge image 02_Ded_Moroz_17122021.jpg
  • Click to enlarge image 03_Ded_Moroz_17122021.jpg
  • Click to enlarge image 04_Ded_Moroz_171221.jpg
  • Click to enlarge image 05_Ded_Moroz_17122021_2.jpg
  •  
View the embedded image gallery online at:
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/504-u-da-ga-pilse-belaruski-dzed-maroz-myanya-perniki-na-pashto-ki?print=1&tmpl=component#sigProIdc427e32849

          Калядны час ужо наступіў: на галоўнай плошчы яркімі агнямі зіхаціць ёлка, чароўныя моманты і час цудаў накрываюць горад, паўсюль чутны дзіцячы радасны смех. Менавіта таму ў пачатку снежня даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) анансаваў творчую калядную акцыю “Я жадаю Даўгаўпілсу…”. Паўдзельнічаць у каляднай акцыі мог кожны ахвотнік, бо арганізатары не ставілі ўзроставых рамак.

         Так, у пятніцу пад упрыгожанай аркай на скрыжаванні вуліц Алеяс і пешаходнай Рыгас у 16 ​​гадзін, калі запальваецца святочная ілюмінацыя, на сустрэчу з беларускімі казачнымі персанажамі сабраліся дзеці з бацькамі, бабулямі. Павольным раўчуком (з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі!) яны рухаліся да герояў, перадавалі ўласнаручна зробленыя паштоўкі з пажаданнямі, наўзамен атрымлівалі салодкі пернік у выглядзе галоўнага сімвала Новага года – ялінкі, і фатаграфаваліся на памяць. Нехта расказваў верш, самыя дапытлівыя задавалі пытанні.

         Як адзначыла кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, “…ідэя ЦБК была адрасаваная сем'ям. Дарослыя адарваліся ад сацыяльных сетак і zoom-аў, правялі час у сумеснай творчасці са сваімі дзецьмі. Усёй сям'ёй атрымлівалі салодкія падарункі і фатаграфаваліся, а потым са святочным настроем адпраўляліся па ўпрыгожанай вуліцы Рыгас да галоўнай гарадской ёлкі на плошчы Віенібас. Мы прасілі ў паштоўках пажадаць што-небудзь Даўгаўпілсу. І атрымалі шмат добрых і шчырых пажаданняў. Асабліва кранальна было чытаць напісаныя дзіцячай рукой радкі, каб хутчэй скончылася пандэміі і ў школах адмянілі маскі”.

        Дзед Мароз і Снягурачка падчас акцыі сабралі 84 віншавальныя паштоўкі, розных колераў і памераў, выкананыя ў розных тэхніках, з пажаданнямі Даўгаўпілсу на трох мовах – рускай, латышскай і беларускай. А жадалі дзеці свайму роднаму гораду ўсяго самага добрага, напрыклад:

          “Я желаю Даугавпилсу больше добрых жителей, которые будут о нем заботиться. Пусть он процветает и развивается, и становится только лучше!”

           “Lai Daugavpils māju logos vienmēr spīd gaisma un ielas pilnas ar laimīgiem cilvēkiem! Skaistumu un mājīgumu mūsu mīļajai Daugavpilij!”

          “Жадаю Даўгаўпілсу цеплыні, згоды, развіцця і стаць культурнай сталіцай Еўропы 2027, тым чынам шмат-шмат грошыкаў!”.

          Усе пажаданні каляднай акцыі Цэнтра беларускай культуры будуць апрацаваны і размешчаны ў інтэрнеце, а падораныя святочныя паштоўкі ўпрыгожаць офіс установы.

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры