8, 10 і 11 лютага 2016 года Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) прымаў у сябе вучняў 11-ай асноўнай школы.За мінулы тыдзень праектаў тут пабывалі вучні 4-х і 5-х класаў са сваімі класнымі кіраўнікамі Луцыянавай Аленай Віктараўнай, Рыбаковай Аленай Уладзіміраўнай, Банчыкавай Вольгай Мар’янаўнай і завучам Ілонай Кокінай. Арганізатар культурных мерапрыемстваў ЦБК Ірына Якушонак правяла экскурсію по Беларускаму Дому, пазнаёміла дзяцей з гісторыяй стварэння Цэнтра, с творчымі калектывамі, якія працуюць пры ЦБК, і іх дасягненнямі, паказала беларускую хатку і расказала аб прадметах начыння, якімі спрадвеку карысталіся нашы продкі.
Пад полымя свечкі дзеці з захапленнем слухалі расказ метадыста Марыі Памецька аб гісторыі і традыцыях зімовага свята «Грамніцы» або «Стрэчанне», якое адзначаецца католікамі 2 лютага, а праваслаўнымі 15 лютага, і сімвалізуе сустрэчу вясны і лета. А асноўным атрыбутам свята з’яўляецца грамнічная свечка, гісторыю якой таксама з вялікай цікавасцю выслухалі дзеці. Свечку рабілі з пчалінага воску і асвячалі ў храме. Лічылася, што грамнічная свечка валодае чароўнай сілай і з’яўляецца магутным абярэгам ад усякіх няшчасцяў і бед.
Заняткі праходзілі ў форме дыялога. Нават значэнне невядомага для іх дагэтуль слова «выцінанка» дзеці засвоілі з пытанняў-адказаў . А потым, седзячы вакол стала, выразалі выцінанку-свечку і з задавальненнем разгадвалі загадкі на беларускай мове і атрымлівалі цукеркі з чароўнага куфэрка, заадно вывучаючы словы на беларускай мове: «цукерка», «калі ласка», «дзякуй» і інш..
Станоўчых эмоцый і цудоўнага настрою дадала і народная карагодная гульня «Падушачка». Дзеці з вялікім задавальненнем вадзілі карагоды разам з супрацоўнікамі Цэнтра, апранутымі, дарэчы, у беларускія нацыянальныя строі, і спявалі песню на беларускай мове. А потым пілі чай з смачнымі беларускімі цукеркамі, фатаграфаваліся на памяць. А пры развітанні вучні і іх настаўнікі сардэчна дзякавалі за вельмі цікавыя і пазнавальныя заняткі, за гасціннасць і добразычлівасць, а таксама абяцалі яшчэ прыйсці сюды, гаворачы на развітанне толькі што вывучаныя імі словы на беларускай мове «Дзякуй» і «Да пабачэння».