8 ліпеня 2017 года ў г.Дагда прайшоў III Міжнародны фестываль беларускай песні і танца «Фэст», у якім удзельнічалі творчыя калектывы Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) - вакальны ансамбль "Пралескі" і танцавальны ансамбль "Лянок". Іх выступленне адзначана дыпломамі. Старшыня Дагдскай краявой думы Айвар Труліс ў лісце падзякаваў кіраўнікам ансамбляў і дэлегацый за высокі ўзровень выступлення, вялікі ўклад у захаванне нацыянальнай культуры і традыцый, умацаванне міжнацыянальных сувязяў.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/155-pra-eski-un-anok-izdai-oja-dagdas-festu?print=1&tmpl=component#sigProId0b1c760f7e
У гэтым годзе фестываль «Фэст», арганізаваны Дагдскім беларускім таварыствам «Вербіца», сабраў вакальныя і танцавальныя ансамблі з Латвіі, Літвы, Польшчы і Беларусі. Іх выступленні былі аб'яднаны беларускай песняй і танцамі, а таксама тэмай свята летняга сонцавароту - Купалля, якое аналагічна латышскаму святу Ліга.
Апоўдні каля будынка краявой думы адбыўся першы канцэрт, на якім ансамблі заявілі пра сябе. Маляўнічым шэсцем - са сцягамі сваіх дзяржаў, гербамі гарадоў і лагатыпамі ансамбляў, удзельнікі фестывалю прайшлі ў парк на эстраду, дзе адбыўся Гала-канцэрт. Нават летні дождж вітаў удзельнікаў шэсця.
Да ўдзельнікаў і гледачоў фестывалю з прывітальным словам звярнуліся старшыня Дагдскай краявой думы Айвар Труліс, дэпутаты Сэйма Зэнта Траццяк, Аляксандр Якімаў і Алена Лазарава, консулы Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская і Яўгенія Барткевіч, старшыня Дагдскага беларускага таварыства «Вербіца» Таццяна Гагалінская.
Канцэрт доўжыўся амаль пяць гадзін, і гледачы шчодра апладзіравалі шматлікім артыстам аматарскіх ансамбляў. Танцавальнаму ансамблю «Лянок" (кіраўнік Марына Медунецкая) выпаў гонар адкрываць беларускім танцам Гала-канцэрт, а таксама ў рытуальным карагодзе запальваць купальскае вогнішча. Вакальны ансамбль «Пралескі» (кіраўнік Настасся Малышава) выканаў песні на латышскай і беларускай мове адначасова, што з'яўляецца адметнай, фірмовай рысай маладога калектыву.
Калектывы Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры ўдзельнічаюць у Дагдскім «Фэсце» з дня яго заснавання, кожны год на фестываль едзе іншы ансамбль.
ЦБК выказвае падзяку беларускаму культурна-асветніцкаму таварыству «Уздым» за тэхнічную падтрымку паездкі на фэст у Дагду.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры