19 жніўня 2016 года, у дзень, калі ў Беларусі святкуюць яблычны Спас, упершыню ў гісторыі даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) адсвяткавалі вяселле. Арганізатар культурных мерапрыемстваў Ірына Якушонак змяніла зычную беларускую фамілію на не меньш прыгожую латышскую Апейнанэ. А як беларусы сустракаюць вясельны картэж і маладую сям'ю, змаглі ўбачыць жыхары Крэпасці і турысты.
Супрацоўнікі ЦБК і ўдзельнікі ансамбля народнай песні «Купалінка» правялі старадаўні вясельны абрад «Брама», відавочцамі якога сталі госці вяселля, жыхары Крэпасці і турысты.
Брама – вясельны абрад, які з даўніх часоў праводзіцца падчас сустрэчы маладых па дарозе ад вянчання да святочнага стала. Традыцыйна Брама ўяўляла сабой маладыя дрэўцы (бярозкі або ялінкі), звязаныя паміж сабой і ўпрыгожаныя рознакаляровымі стужкамі, шарамі і г.д., у цэнтры якой ставіўся столік альбо зэдлік з хлебам-соллю, а вакол стаялі «вясельнікі», якія не прапускалі вясельны картэж у хату, пакуль не атрымаюць выкуп. У некаторых версіях Брама ўяўляе сабой два злучаныя паміж сабой ручнікі, пад якімі праходзяць маладыя. Падчас гумарыстычнага тэатралізаванага прадстаўлення праходзяць перамовы паміж «брамнікамі» і сватам, дружбантамі і жаніхом аб выкупе дарогі. Лічылася, што чым часцей на скрыжаваннях, паваротах і закутках тармазілі «вясельны цягнік», тым шчаслівей будзе сумеснае жыццё ў маладых. Менавіта таму сонечным суботнім днём дружная каманда беларусаў, пераапранутых у народныя беларускія і сцэнічныя касцюмы, накіравалася да Міхайлаўскіх варот Даўгаўпілскай крэпасці, дзе чакала вяселле з румяным караваем на нацыянальным льняным ручніку. Вясельны картэж, спынены пераапранутым «дарожным патрулём», быў жартоўна агледжаны «доктарам», а развясёлая «цыганка» нагадала маладым і іх гасцям шчаслівую будучыню.
Пад агульнае адабрэнне і з радаснымі эмоцыямі госці прайшлі праз шматлікія выпрабаванні, пачулі прымаўкі, пажаданні і песні на беларускай мове ў выкананні арганізатараў Брамы, якія атрымалі ў падарунак смачныя вясельныя пачастункі.
Прыемна, што добрыя старадаўнія беларускія традыцыі і абрады працягваюць жыць і ў наш гэтакі прагматычны бурны час.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306