Друкаваць

На балі народаў гучалі меладычныя беларускія песні

5 лютага 2017 года ў даўгаўпілскім Цэнтры латышскай культуры прайшоў Баль народаў, арганізаваны Асацыяцыяй нацыянальных меншасцей Латгаліі пры падтрымцы Даўгаўпілскай гарадской думы і Упраўлення культуры. На свяце гучалі песні на дзевяці мовах, выконваліся танцы розных народаў. Самай прадстаўнічай камандай у зале аказалася беларуская ў складзе трох арганізацый.

  • Click to enlarge image 01_bals_5.02.2017.jpg
  • Click to enlarge image 02-bals_5.02.2017.jpg
  • Click to enlarge image 03_5.02.2017.jpg
  • Click to enlarge image 04_5.02.2017.jpg
  • Click to enlarge image 05_5.02.2017.jpg
  •  
View the embedded image gallery online at:
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/114-070217?print=1&tmpl=component#sigProIda11cd39473

 У 2016 годзе адрадзілася традыцыя штогадовых сустрэч прадстаўнікоў розных народнасцей, якія пражываюць у Даўгаўпілсе. Тады ж і была заснаваная Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латгаліі. І калі тэмай першага балю былі калядныя і навагоднія традыцыі, то ў гэтым годзе - каханне, паколькі баль праходзіў напярэдадні Дня закаханых. Удзельнікі свята падхоплівалі песні пра каханне, якія гучалі на латышскай, рускай, беларускай, польскай, украінскай, літоўскай, яўрэйскай, нямецкай і татарскай мовах, а ў танцы пусцілася ўся зала.

Беларускую каманду прадстаўлялі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК), культурна-асветніцкае таварыства «Уздым» і Таварыства Латвійска-беларускай садружнасці. Вакальна-інструментальны ансамбль "Пралескі" выканаў беларускую народную песню «Каля млына», а харавая капэла «Спадчына» - аўтарскую песню «Бацькоўскі кут" на словы Станіслава Валодзькі. Беларускую польку дружна асвойваў і стары, і малы - пад кіраўніцтвам Марыны Медунецкай і Таццяны Дзянісавай (ансамбль "Лянок") і акампанемент Вячаслава Пятрова (ансамбль "Купалінка"). А для гульні ў «падушачку» пад спевы Інэсы Казлоўскай усталі ў карагод усе ўдзельнікі балю.

На Балі народаў кіраўніца Асацыяцыі нацыянальных меншасцей Латгаліі Вольга Эссэ ўручыла падзячныя граматы Даўгаўпілскай гарадской думы за актыўную грамадскую дзейнасць і ўклад у захаванне культурна-гістарычнай спадчыны прадстаўнікам ўсіх арганізацый, у тым ліку шасці беларусам.

Па рэкамендацыі Цэнтра беларускай культуры за захаванне і папулярызацыю беларускай мовы праз друкаванае слова ўзнагароджана метадыст ЦБК Марыя Памецька; за шматгадовую валанцёрскую працу і папулярызацыю беларускай песні - Яніна Юзэфовіч (кіраўніца «Спадчыны»).

Па рашэнню "Уздыма» на ўзнагароды былі вылучаны і атрымалі іх актывісты грамадскай арганізацыі Тэрэса Паўлава і Валянціна Ліпінская.

У сваю чаргу, ад Таварыства Латвійска-беларускай садружнасці граматы самакіравання атрымалі: за актыўную канцэртную дзейнасць і папулярызацыю беларускай песні -  салістка ансамбля «Пралескі» Юлія Хмяльніцкая; за стварэнне беларускай друкаванай газеты «Уздым» і часопіса - першы рэдактар выданняў Жанна Раманоўская.

Прыміце нашы віншаванні, сябры!

Тэлесюжэт навін пра баль можна паглядзець тут: https://www.daugavpils.lv/ru/47/read/14780

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры,

т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv

г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,

Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306